Намесьнік кіраўніка МЗС Расеі Міхаіл Галузін пералічыў сама меней шэсьць умоваў для спыненьня вайны з Украінай. Адна зь іх — Украіна павінна «спыніць баявыя дзеяньні». Пра гэта ён заявіў у інтэрвію агенцтву ТАСС.

Паводле Галузіна, акрамя адмовы ад супраціву, для «ўрэгуляваньня канфлікту» Украіна павінна адмовіцца ад паставак заходняга ўзбраеньня, адмовіцца ад уступленьня ў NATO і Эўразьвяз, прызнаць «новыя тэрытарыяльныя рэаліі», а таксама прызнаць расейскую мову дзяржаўнай і захоўваць асноўныя правы чалавека, у тым ліку права на свабоду веравызнаньня.

Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі неаднаразова казаў, што адзінай умовай для завяршэньня вайны зьяўляецца поўны вывад расейскіх войскаў з Украіны.

Таксама Зяленскі прадставіў украінскую «формулы міру» з 10 пунктаў, якую падтрымаў Эўразьвяз. У ёй ідзе гаворка пра вывад расейскіх войскаў з усёй украінскай тэрыторыі, вяртаньне да ўкраінскіх межаў ад 1991 году разам з Крымам і Данбасам, вызваленьне ўкраінскіх ваеннапалонных і вяртаньне дэпартаваных мірных жыхароў, спэцыяльны трыбунал для адказных за ваенныя злачынствы і кампэнсацыя Ўкраіне ўсёй шкоды, захады па недапушчэньні паўторнай эскаляцыі канфлікту ў будучыні і інш.

Расея ўварвалася ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году. Паводле дадзеных ААН, да канца траўня 2023 года ў выніку баявых дзеяньняў загінулі сама меней 8895 мірных жыхароў, 15117 атрымалі раненьні. Гэтыя дадзеныя могуць быць няпоўнымі.

Паводле падлікаў Кіеўскай школы эканомікі, за год вайны ва Ўкраіне разбурана або пашкоджана больш за 150 тысяч дамоў, звыш 25 тысяч кілямэтраў дарог, 344 масты (частка зь іх ужо адноўленая), некалькі тысяч дзіцячых садоў, школаў, бальніц і музэяў. Таксама зьнішчана і пашкоджана больш за 200 тысяч асабістых аўтамабіляў і больш за 16 тысяч адзінак грамадзкага транспарту. Агульная шкода ў дакладзе ацэньваецца ў 144 мільярды даляраў.