Сьцьвярджаецца, што ўдар быў нанесены па аўтамабілі «Ніва», у якім ехалі вайскоўцы, непадалёк ад вёскі Сушаны. Мінабароны Расеі паведамленьня не камэнтавала.

Адначасова зьявіліся паведамленьні аб спробе ўкраінскай дывэрсійна-разьведвальнай групы прарвацца ў сяло, разьмешчанае непадалёк ад мяжы. Пасьля гэтыя паведамленьні афіцыйна абверг губэрнатар вобласьці Аляксандр Багамаз, адзначыўшы, што шэраг населеных пунктаў быў абстраляны, як сьцьвярджаецца, з тэрыторыі Украіны.

Сушаны — адно з двух сёл, у якія ў пачатку сакавіка на кароткі час падчас рэйду зайшлі байцы так званага Рускага добраахвотніцкага корпуса.

Аб абстрэлах з тэрыторыі Ўкраіны паведамляюць улады яшчэ двух расейскіх рэгіёнаў — Курскай і Белгародзкай абласьцей, якія мяжуюць з Украінай. У Курскай вобласьці ў раёне вёскі Пляхава, як сьцьвярджаецца, пры абстрэле загінуў рабочы, які ўдзельнічаў у будаўніцтве пагранічных умацаваньняў. У Белгародзкай вобласьці, па паведамленьнях тэлеграм-каналаў, было некалькі абстрэлаў гораду Шабекіна. Губэрнатар Белгародзкай вобласьці Вячаслаў Гладкоў паведаміў аб гібелі аднаго чалавека і раненьні двух падлеткаў.

Меркаваныя абстрэлы расейскіх тэрыторый украінскія вайскоўцы, як звычайна, не камэнтавалі.

Раніцай у суботу ўлады расейскіх Пскоўскай і Цьвярской абласьцей (знаходзяцца ў сотнях кілямэтрах ад мяжы з Украінай) заявілі аб атаках бесьпілётнікаў на аб’екты нафтавай галіны. У Цьвярской вобласьці, як гаворыцца ў заяве абласной адміністрацыі, робат упаў каля вёскі Ярохіна Андрэапольскай акругі. Там знаходзіцца нафтаперапрацоўчая станцыя. Паведамляецца, што ў выніку ўдару станцыі быў нанесены ўрон. У Пскоўскай вобласьці бесьпілётнікі атакавалі таксама адміністрацыйны будынак нафтаправода ў Невельскім раёне.

Абстрэлы акупаваных і расейскіх тэрыторый, якая пачасьціліся, могуць быць прыкметай падрыхтоўкі Ўкраіны да наступу. Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксей Данілаў у інтэрвію ВВС заявіў, што наступ можа пачацца «заўтра, пасьлязаўтра ці праз тыдзень».