Заяву выпусьцілі напярэдадні канчатковага галасаваньня, што мае адбыцца ў чэрвені, яе падпісалі некалькі буйных аб’яднаньняў: Міжнародная канфэдэрацыя прафсаюзаў, Міжнародная фэдэрацыя транспартнікаў, Міжнародная фэдэрацыя журналістаў, Глябальны саюз IndustriALL і іншыя арганізацыі.

«Глябальныя прафсаюзы заклікаюць урады і працадаўцаў дапамагчы пакласьці канец парушэньням правоў чалавека і прафсаюзаў у Беларусі. Прафсаюзны рух — гэта не экстрэмізм і не злачынства!» — гаворыцца ў заяве. Аўтары звароту адзначаюць, што больш за 20 гадоў беларускія ўлады ўмешваюцца ў дзейнасьць прафсаюзаў, прымусова распускаюць прафсаюзы, лідараў затрымліваюць, актывістаў звальняюць:

«У Беларусі працягваецца сыстэматычнае задушэньне незалежнага прафсаюзнага руху. Беларускія ўлады называюць незалежныя прафсаюзы „экстрэмістамі“ і „тэрарыстамі“ і ўдзельнічаюць у паклёпніцкіх кампаніях».

У заяве таксама згадваецца перасьлед лідараў Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, якіх асудзілі летась. Аляксандр Ярашук атрымаў 4 гады калёніі, Сяргей Антусевіч — 2 гады, Ірына Бут-Гусаім — 1,5 года.

У лістападзе 2022 году кіроўная рада Міжнароднай арганізацыі працы пастанавіла ўжыць супраць Беларусі 33-ці параграф свайго статута за сталыя парушэньні ў дачыненьні да працоўных і прафсаюзаў. Дасюль такое рашэньне прымалася толькі аднойчы ў гісторыі — у дачыненьні да М’янмы.

Канчатковае галасаваньне адбудзецца ў чэрвені на канфэрэнцыі МАП. Калі рашэньне ўхваляць (для станоўчага выніку павінна набрацца дзьве траціны галасоў дэлегатаў), Беларусі будзе пагражаць эканамічная блякада.