Вянок нашай свабоды

У прынцыпе ўсё, што можна было сказаць пра гэтую кнігу, ужо сказана галоўным бібліятэкарам Свабоды Аляксандрам Лукашуком.

«Гэта не дапаможнік у перайменаваньні беларускіх вуліцаў, плошчаў і гарадоў, хоць, безумоўна, гэтыя імёны заменяць на шыльдах прозьвішчы камуністычных вампіраў і імпэрскіх пярэваратняў.

Гэта не храналягічны даведнік, хоць на „Свабодзе“ ўпершыню разам паўсталі сотні постацяў з аўтарскага пантэону XVIII–XXI стагодзьдзяў (далёка ня ўсіх удалося зьмясьціць пад адной вокладкай). Гэта не манаграфія, хоць тут уводзіцца новая пэрыядызацыя нацыянальна-вызвольнага руху, распрацаваны крытэры, зроблена клясыфікацыя.

Гэта не дакумэнтальна-архіўнае дасьледаваньне, хоць даты, месцы і падзеі вывераныя, а многія факты знойдзеныя й апублікаваныя ўпершыню.

Гэта не мастацкая проза і не гістарычная эсэістыка, хоць кожны разьдзел чытаецца, як маланка, і ўражвае, як раман.

Гэта ня кніга мёртвых, хоць яе складаюць лёсы людзей, якіх ужо няма сярод жывых.

Гэта аўтарская энцыкляпэдыя любові да радзімы, волі й незалежнасьці.

Гэта вянок нашай свабоды».

Высокае сонца і нізкая зямля

Многія чытачы могуць запярэчыць, што кніга з такой назвай гэтага аўтара ўжо ёсьць у іхных уласных бібліятэках. Прычым займелі яны яе яшчэ ў 2007-м.

І сапраўды, гэтую памаранчавую вокладку зь пералікам імёнаў са старонак кнігі многія запомнілі яшчэ чвэрць стагодзьдзя таму. З таго часу выданьне пад грыфам «Бібліятэкі Радыё Свабода» зьяўлялася да чытачоў яшчэ тройчы — у 2009-м, 2015-м і ў 2020-м. І кожны раз дапаўнялася новымі імёнамі. У папярэднім, чацьвёртым, іх было 366. А ў сёлетнім пятым — ужо 410.

Але зьмены адбыліся ня толькі ў аб’ёме.

Зьмяніўся выдавец. Выхадам пятага дапоўненага і дапрацаванага выданьня апекаваўся фонд Kamunikat.org.

Зьмяніўся дызайн. Бо як ты зьмесьціш 410 імёнаў на адной вокладцы?

Зьмяніўся і колер самой вокладкі. З памаранчавага яна стала шэра-срэбна-бела-блакітнай. Трывожны манахромны аптымізм высокага сонца перайшоў у прыглушаную гаму пэсымізму нізкае зямлі.

Імёны Свабоды множацца, а волі ўсё не відаць

У кнізе тры разьдзелы.

Першы называецца «Да Беларусі» і ахоплівае пэрыяд з 1772-га да 1918 года.

Час ад першага падзелу суседзямі-захопнікамі Рэчы Паспалітай, у склад якое ўваходзілі тады землі сучаснай Беларусі, да аднаўленьня дзяржаўнасьці краіны, названай Беларускай Народнай Рэспублікай. І пантэон асобаў, чыя змагарная і творчая дзейнасьць прывяла да Акту 25 сакавіка.

Другі, «Дзеля Беларусі», падае жыцьцяпісы асобаў, якія імкнуліся напоўніць нацыянальным зьместам савецкую рэспубліку, у якой зь беларускага былі дазволеныя хіба толькі сцэнічны фальклёр, камунаўхваляльная літаратура ды вышыванкі партнамэнклятуры на камуністычных парадах. За свае памкненьні многія з нацыянальных дзеячаў часоў БССР трапілі за краты турмаў, у гулагі, на калыму ды ў курапацкія ямы.

Трэці разьдзел аўтар назваў «У Беларусі». У ім аповеды пра асобаў, чые змагарна-стваральныя лёсы завяршыліся ў часе, які пачаўся з даты абвяшчэньня незалежнай Рэспублікі Беларусь. Усіх іх можна назваць нашымі сучасьнікамі. З многімі мы былі знаёмыя ці зналі ў твар. Сябры, калегі, зь якімі гаварылі на адной мове, хадзілі пад адным сьцягам, сьпявалі «Магутны Божа».

Чытаючы кнігу, узьнікае пачуцьцё радасьці, што гэтыя людзі былі, ёсьць і будуць у залатым фондзе беларускай гісторыі. І скруха, што іх жыцьці і дзеі, ускладзеныя на алтар высокіх мараў пра свабоду радзімы, аказаліся і дагэтуль марнымі.

Усе нашы сымбалі зьнішчыла антыбеларуская ўлада. Працягвае зьнішчаць носьбітаў нацыянальнага, свабодалюбнага, агульначалавечага духу.

Сьпіс палеглых у незалежнай Беларусі ў змаганьні за вольную Беларусь самы доўгі ў кнізе. Кропка ў ім пастаўленая ў 2022-м, але ён працягвае расьці. Волі ўсё яшчэ не відаць.

Невядомыя нашы магілы

Складаючы жыцьцяпісы для «Імёнаў Свабоды», аўтар успамінае многіх з тых, хто быў перакананы, што існуе простая формула суадносінаў паўнаты свабоды і колькасьці ахвяраў змагароў за яе. «Мы бліжэй да свабоды на вышыню нашых магілаў», — гаварылі яны. Хочацца дадаць да гэтае скрушнае высновы, што крушня на магілах палеглых змагароў павінна быць такой высокай, каб яе бачылі здалёк усе наступныя пакаленьні.

Няма ў Беларусі такой Гары Памяці.

Няма ўвогуле ніякага нацыянальнага нэкропалю.

Пасьля адкрыцьця ў 1988-м месца масавых растрэлаў савецкімі карнікамі ва ўрочышчы Курапаты грамадзкасьць актыўна рупілася мэмарыялізаваць тое жахлівае сваім сымбалізмам месца пад Менскам. Аднак і да сёньня гэта не ўдалося. Спачатку пры пасыўным, а потым актыўным судзеяньні ўлады там квітнее вандалізм.

Квітнее ён усюды на магілах антырасейскіх паўстанцаў. Зьнішчаныя, забытыя, невядомыя, яны ня сталі месцамі памяці і пашаноты. Адзінае, бадай, выключэньне — магіла апошняга каліноўца ў мястэчку Краснае.

Пахаваньне там Ігната Абрамовіча (1836–1944) знайшоў на пачатку 1990-х мясцовы краязнавец. Знайшоў і, як мог, адпаведна ўпарадкаваў.

Месцам паломніцтва магіла паўстанца, аднак, ня стала. Там жа ў Красным зеўрае пусткай і зраўнаваны бульдозэрамі пасьля 1939-га польскі нэкропаль з парэшткамі яшчэ некалькіх невядомых цяпер паўстанцаў.

Эліза Ажэшка ў сваім рамане «Над Нёмнам» апісвае, як на схаваныя па лясох магілы паўстанцаў Каліноўскага таемна хадзілі сваякі, сябры, паплечнікі. Прылюдна аплакваць, ушаноўваць ды нават апранацца ў жалобныя строі расейская ўлада забараняла, а парушальнікаў забароны жорстка карала. Гэтыя магілы, тым ня менш, ведаюць і сёньня ў наднёманскіх мястэчках. Але, як 160 гадоў таму, пакланяцца да іх ходзяць таемна.

Ні высокіх крушняў, ні Гары Крыжоў, ні ўзьнёслых у неба храмаў на магілах змагароў за свабоду нідзе не відаць у паднявольнай Беларусі.

Толькі сьпіс «Імёнаў Свабоды» расьце і расьце.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.