Менчука арыштавалі перад сур’ёзнай апэрацыяй

Раніцай 17 траўня ў Менску затрымалі 31-гадовага таксоўчыка Артура Башко. Чацьвёра сілавікоў стаялі ў пад’езьдзе, калі дадому вярталася ягоная маці. Калі яна адчыніла дзьверы, яны ўварваліся ў кватэру. Сам Артур у гэты час яшчэ спаў. Супрацоўнікі правялі ператрус, нешта вынесьлі з кватэры ў пакеце, а па падлозе былі раскіданыя паперы.

Пасьля затрыманьня адзін зь сілавікоў сказаў маці, што Артура забралі па «палітыцы». Вядома, што мужчына мае праблемы са здароўем — яму павінны былі рабіць апэрацыю па выдаленьні шчытападобнай залозы. Пасьля затрыманьня Артур патэлефанаваў родным і папрасіў перадаць яму неабходныя лекі. На Акрэсьціна мэдыкамэнты прынялі.

Пазьней над мужчынам адбыўся суд, але сваякі ня ведаюць, паводле якога артыкулу. Паводле папярэдняй інфармацыі, Артура асудзілі да 13 содняў арышту.

Цяпер родныя Башко ня ведаюць, дзе ён — па тэлефоне на Акрэсьціна або не адказваюць, або кажуць, што такога няма.