Паліна Шарэнда-Панасюк падала афіцыйны зварот ад выхадзе зь беларускага грамадзянства, пасьля чаго яе этапавалі з калёніі № 24 для праходжаньня судова-псыхіятрычнай экспэртызы. Цяпер месца знаходжаньня палітзьняволенай невядома.

Заяву ад імя сваёй жонкі даслаў «Белсату» муж палітзьняволенай Андрэй Шарэнда:

«Паліна адмаўляецца ад беларускага пашпарту са сталінскім гербам на вокладцы. Яна больш ня хоча мець нічога агульнага з акупацыйным рэжымам, што ўсталяваўся на Беларусі. Рэжымам, які зьнішчае незалежнасьць, удзельнічае ў акупацыйнай вайне. Які забівае яе і іншых палітвязьняў у турмах.

З моманту адмовы ад грамадзянства. Паліна перастае ўважаць сабе падуладнай усялякім законам акупацыйнай улады, і адмаўляецца выконваць усе патрабаваньні. Таксама Паліна цалкам адмаўляецца падпарадкоўвацца адміністрацыі калёніі, суду і іншым сілавым структурам. Паліна падкрэсьлівае, што застаецца беларускай і патрыёткай сваёй Радзімы — Беларусі, і будзе да канца жыцьця змагацца за яе свабоду. Паліна просіць міжнародныя гуманітарныя і праваабарончыя арганізацыі сачыць за яе лёсам, і зрабіць усё магчымае для вызваленьня яе і ўсіх палітзьняволеных».

Андрэй Шарэнда сказаў, што яго жонку ў калёніі павольна забіваюць. Некалькі дзён таму да маці Паліны чарговы раз вярнулася мэдычная бандэроль зь неабходнымі для Паліны мэдычнымі прэпаратамі.

На Паліну Шарэнду-Панасюк завялі новую крымінальную справу. Спачатку яе засудзілі на 2 гады калёніі, у 2022 годзе за так званыя «парушэньні» ў калёніі дадалі яшчэ год. Пасьля супраць Шарэнды-Панасюк распачалі новую справу за «злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі». У кастрычніку 2022 года яе зьмясьцілі на паўгода ў ПКТ і рэгулярна кідаюць у штрафны ізалятар. За апошнія 10 месяцаў яна правяла там 180 сутак.

  • Грамадзкую актывістку зь Берасьця Паліну Шарэнду-Панасюк затрымалі 3 студзеня 2021 году.
  • 9 чэрвеня 2021 году яе асудзілі на два гады пазбаўленьня волі, абвінаваціўшы ў прымяненьні гвалту ў дачыненьні да міліцыянтаў і іх абразе, а таксама ў абразе Аляксандра Лукашэнкі.
  • У красавіку 2022 году Паліну Шарэнду-Панасюк зноў судзілі — у выніку яна атрымала яшчэ адзін год калёніі за «Злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньнем адміністрацыі папраўчай установы» (ч. 2 арт. 411 КК). Паліна была першай палітзняволенай жанчынай у Беларусі, асуджанай па гэтым артыкуле.
  • Паліну Шарэнду-Панасюк утрымліваюць у 24-й жаночай калёніі ў Зарэччы, гэта паміж Гомлем і Рэчыцай. Як казаў раней Свабодзе Андрэй Шарэнда, на ягоную жонку «фізычна і псыхалягічна ціснуцьм у калёніі.
  • На волі Паліну чакаюць два няпоўнагадовыя сыны.