Праект кампаніі Neuralink дазваляе разьмяшчаць тысячы электродаў на зьнешняй паверхні чалавечага мозгу. Набор жадаючых удзельнічаць у клінічных іспытах пачнецца ў бліжэйшы час, піша DW.

Кампанія амэрыканскага бізнэсмэна Ілана Маска Neuralink, якая стварае чыпы для мозгу, атрымала дазвол праводзіць клінічныя выпрабаваньні:

«Мы рады паведаміць, што атрымалі дазвол FDA (Food and Drug Administration, Упраўленьне па санітарным наглядзе за якасьцю харчовых прадуктаў і медыкаментаў — Рэд.) на запуск нашага першага клінічнага дасьледаваньня на людзях», — паведаміла Neuralink у мікраблёгу Twitter у пятніцу, 26 траўня.

У паведамленьні выказаная ўпэўненасьць у тым, што тэхналёгія Neuralink дазволіць дапамагчы шматлікім людзям. Кампанія таксама паведаміла, што набор жадаючых удзельнічаць у першых клінічных выпрабаваньнях яшчэ не пачаты, але дадатковая інфармацыя будзе абнародавана ў бліжэйшы час.

У пачатку сакавіка агенцтва Reuters, спасылаючыся на цяперашніх і былых супрацоўнікаў Neuralink паведамляла, што FDA адмовіла Маску і яго кампаніі ў просьбе выпрабоўваць чыпы на людзях. Агенцтва тады пазначыла дзясяткі праблем, якія кампанія павінна вырашыць, перш чым праводзіць досьведы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:SpaceX накіравала да МКС касьмічны карабель з турыстамі на борце

Перадача сыгналаў мозгу па Bluetooth

Neuralink — кампанія Маска па распрацоўцы нэйрачыпа. Ён дазволіць перадаваць сыгналы мозгу па Bluetooth. Такім чынам, зь яго дапамогай можна будзе кіраваць кампутарам або смартфонам. Мяркуецца, што капсула-прымач будзе мацавацца за вухам, як слыхавы апарат. Ад яе да мозгу будуць ісьці ніткападобныя электроды. Усяго ў мозг імплянтуюць да 1500 электродаў, кожны зь якіх у чатыры разы танчэйшы за чалавечы волас.

Па словах Маска, чып дазволіць кантраляваць гармоны, спраўляцца з трывожнасьцю і нават прымусіць мозг працаваць больш эфэктыўна. Першыя выпрабаваньні праведзены ўжо на пацуках і малпах і былі пасьпяховымі, сцьвярджаў прадпрымальнік.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:Twitter пачаў выдаляць сінія птушачкі, якія раней сьведчылі аб сапраўднасьці акаўнтаў

У сьнежні Reuters паведамляў аб расьследаваньні ў дачыненьні да Neuralink з-за скаргаў на жорсткае абыходжаньне з жывёламі. Супрацоўнікі кампаніі сцьвярджалі, што выпрабаваньні на жывёлах праводзяцца ў сьпешцы і прыводзяць да іх пакут і гібелі. У распараджэньні агенцтва апынуліся дзясяткі дакумэнтаў Neuralink, якія сьведчаць аб тым, што няўдалыя тэсты даводзілася паўтараць, што павялічвала колькасьць жывёл, якія тэстуюцца і забіваюцца падчас эксперымэнтаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:Twitter перастаў хаваць акаўнты расейскіх уладаў