Тады прыхільнікі 45-га прэзыдэнта ЗША рэспубліканца Дональда Трампа захапілі будынак амэрыканскага парлямэнту, паспрабаваўшы перашкодзіць Кангрэсу сэртыфікаваць перамогу дэмакрата Джо Байдэна на выбарах у лістападзе 2020 года.

57-гадовы Роўдс быў прызнаны вінаватым судом прысяжных у Вашынгтоне ў лістападзе 2022 года, судзьдзя Аміт Мехта прызначыў яму самы вялікі тэрмін з усіх, што выносіліся па гэтай справе, усяго асуджаныя больш за тысячу чалавек.

«Чаго мы абсалютна не можам дапусьціць, дык гэта таго, каб групы грамадзянаў, якім не падабаюцца вынікі выбараў і якія не вераць, што закон выконваецца належным чынам, распальвалі рэвалюцыю, — цытуе заяву Мехта перад вынясеньнем прысуду «Голас Амэрыкі». — Сьмею сказаць, містэр Роўдс, — а я ніколі не казаў гэтага ніводнаму чалавеку, якому вынес прысуд, — вы ўяўляеце сталую пагрозу і небясьпеку для нашай дэмакратыі і дзяржаўнага ладу гэтай краіны».

Перад вынясеньнем прысуду Роўдс — адвакат, які атрымаў адукацыю ў адным з самых прэстыжных у сьвеце Ельскім унівэрсытэце, і былы дэсантнік, — заявіў, што ён зьяўляецца палітычным зьняволеным, які супрацьстаіць людзям, «якія руйнуюць краіну».

У дадатак да абвінавачваньня ў змове з мэтай мяцяжу — крымінальным злачынстве, які ўключае спробу «зрынуць, здушыць або зьнішчыць сілай урад Злучаных Штатаў», — Родс таксама быў асуджаны за перашкоду афіцыйнаму разбору і падробку дакумэнтаў. Ён быў апраўданы яшчэ па двух абвінавачваньнях. У будынак Капітолію ў студзені 2021 года ён не ўваходзіў.