Пра баявога пабраціма Свабодзе расказаў былы камандзір Лазоўскага, малодшы афіцэр Васіль «Пацук» Верамейчык.

«Барада сьмешна тырчыць з-пад каскі»

«Я не магу ўспомніць дакладна першы момант, калі мы ўбачыліся і пазнаёміліся. Здаецца, гэта быў вечар пятага дня вайны. Наша група даехала позна ўвечары да Кіева. Мы пайшлі ў школу да „Азова“, але там не было дзе спаць. І ў выніку мы перайшлі ў іншае месца, так званы АТЕК, яшчэ адно месца фармаваньня азоўскага руху. Ужо была ноч, велізарнае памяшканьне, забітае мужчынамі розных узростаў. Мы клаліся спаць проста на падлозе, дзе было месца. Здаецца, менавіта там я першы раз убачыў „Мыша“ (пазыўны Лазоўскага. — РС), Мірыка, Міраслава», — расказвае Васіль.

Па словах суразмоўцы, лепш пазнаёміцца атрымалася ўжо пазьней.

«Я запомніў, як ён кашляў, бо мы ўсе захварэлі. Кажуць, што на ковід, бо нехта нават у шпіталі ляжаў. Але перахварэлі абсалютна ўсе. Я помню, „Мыш“ кашляе, а потым апранае бронік, каску, і ягоная барада сьмешна тырчыць з-пад яе. Я зьдзівіўся, што гэта за дзед. Мы неяк камунікавалі, але ня вельмі моцна».

Пазьней быў сфармаваны першы беларускі ўзвод, яго камандзірам стаў Павал «Волат» Суслаў (загінуў у траўні 2022-га ў Мікалаеўскай вобласьці. — РС), а Васіль Верамейчык стаў камандзірам першага падразьдзяленьня і намесьнікам камандзіру ўзводу.

«Што тычыцца Мірыка, то я баяўся, што такі сталы чалавек, сур’ёзны, ня будзе слухацца і будуць праблемы. Але аказалася ўсё абсалютна наадварот: ён славы не хацеў, кіраваць не хацеў, ён хацеў рабіць справу і вучыцца. Калі ўжо я стаў камандзірам першага ўзводу, то я зрабіў „Мыша“ камандзірам першага падразьдзяленьня і намесьнікам камандзіра ўзводу. І далей мы ішлі заўсёды побач. Мы спалі ў адных памяшканьнях, езьдзілі на адны і тыя ж заданьні».

«Хэлоў! Ты гоў туды»

Васіль успамінае, што яны разам былі ў Ірпяні ў сакавіку 2022 году, спрабавалі дайсьці да пазыцый, дзе знаходзіліся беларускія ваяры.

«Потым, калі мы прыехалі ў Мікалаеў, то наш украінскі камандзір доўгі час называў мяне проста „Начкар“ (начальнік каравулу. — РС). Ні пазыўны, ні імя запомніць ня мог. Справа ў тым, што спачатку беларусаў завезьлі для вядзеньня вартавой службы для іншаземцаў. І я суткі ня спаў, арганізоўваючы працу вартавой службы. Але за дзень-два ўсё было арганізавана. Пабрацім „Тарэна“ таксама, як і я, быў вайскоўцам, мы разумелі, як павінна ўсё працаваць. Калі ўсё арганізавалі, то я паціху перадаў справы „Мышу“, і потым ён ужо займаўся ўсім, а гэта такая руцінная, цяжкая вайсковая справа. Тыя, хто думаюць, што вайна — гэта весела заўсёды, эмоцыі, баі... Не, гэта сумная праца. Трэба складаць сьпісы, цягаць рэчы».

«Пацук» расказвае забаўны момант, як Міраслаў рабіў інструктаж у вартавой службе для іншаземцаў.

«„Мыш“ ангельскай мовы, на жаль, ня ведаў. Вось уявіце сабе, інструктаж перад зьменай, а ўсё, што ён змог сказаць: „Хэлоў! Ты гоў туды“. Там магла быць зьмена, на якой беларус, гішпанец і француз, але ніводзін зь іх не размаўляе па-ангельску. Камунікацыя адбывалася амаль на пальцах».

Міраслаў «Мыш» Лазоўскі

«Высокая воля і ідэал»

Паводле Верамейчыка, Лазоўскі быў чалавекам вельмі высокага маральнага ўзроўню, ён заўсёды адмаўляўся ад прапанаваных пасадаў.

«Калі „Волата“ ня стала, то я казаў Міраславу, што будзеш камандзірам узводу. На гэта ён адказваў: „Як я магу быць камандзірам узводу, калі ў мяне няма вайсковай адукацыі і досьведу?“».

Іншы характэрны момант — гэта дыскусіі ўнутры тады яшчэ батальёну Кастуся Каліноўскага адносна ўдзелу ў рызыкоўнай апэрацыі пад вёскай Лазавой на мяжы Мікалаеўскай і Херсонскай абласьцей. Частка ваяроў адмовілася ад удзелу, другая ж пагадзілася.

«Тады «Мыш» сказаў аднаму камандзіру: «Як мы можам мінусануць апэрацыю? Мы гонар беларусаў тады падвядзём. Па-другое, нам трэба ваенны досьвед, трэнавацца, бо наперадзе Беларусь». На гэта камандзір адказаў: «Табе амаль 50 гадоў, Мірык, якая Беларусь?! Ты дурны ці што?» Гэта вельмі паказальна, якім ідэалістам быў «Мыш».

Лазоўскі ўдзельнічаў у апэрацыі пад Лазавым. Больш за тое, яго паставілі на самыя пярэднія пасты, каля самых расейцаў. Тая апэрацыя прайшла ўдала для ўкраінскага войска.

«У „Мыша“ была вялікая воля і ідэал. У яго балела калена, яму было цяжка. У Севераданецку Мірыка прызначылі на пост камэнданта, яму даводзілася зьвязваць паміж сабой усе пасты іншаземцаў. Так яго прызначылі, а потым людзі пачынаюць гаварыць, што ён зусім ужо кепска размаўляе, аказалася, што ён 28 гадзін ня спаў. Ён кагосьці падмяняў, каб хлопцы паспалі, а сам зусім ня спаў. Я вымушаў быў яго ісьці спаць», — успамінае Верамейчык.

Міраслаў Лазоўскі

«Заходзім у Бахмут: як выйду — набяру»

Суразмоўца Свабоды кажа, што Лазоўскі быў самым аўтарытэтным камандзірам паміж беларускіх ваяроў.

«„Мыш“ — такі ідэаліст і інтэлігент, што пра яго ніхто кепскага слова ня мог сказаць. Гэта нейкі лёс, багі, яны нам нешта паказваюць. Такое супадзеньне, што яны загінулі з „Волатам“ дзень у дзень. Я лічу, што проста так такога не бывае. Страчваць такіх людзей жудасна. У мяне засталася перапіска з „Волатам“ у дзень яго сьмерці, дзе ён піша: „Адкажу цягам сутак“. Такая ж самая сытуацыя з „Мышам“. Ён мне пісаў: „Я табе зараз патэлефаную“. Потым: „Не, не патэлефаную. Заходзім у Бахмут, але ненадоўга; як выйду — набяру“».

Лазоўскі вучыў іншых ваяроў камандам па-беларуску, пастаянна займаўся самаадукацыяй, быў фанатам напалеонаўскіх войнаў.

«Мірык увесь час займаўся самаадукацыяй, у яго на тэлефоне быў амэрыканскі статут, падручнік рэйнджара ЗША, статут вартавой службы ЗША, спрабаваў рабіць усё вельмі па-вайсковаму. Я лічу, што на момант году на вайне ён дарос да сапраўднай афіцэрскай пасады. А паколькі няма іншых, то ён быў бы ідэальнай кандыдатурай на пасаду камандзіра батальёну „Волат“».

  • Лазоўскаму было 49 гадоў. Ён нарадзіўся ў Менску, у 1995 годзе ўступіў у заснаванае Міколам Статкевічам «Згуртаваньне беларускіх вайскоўцаў», у тым жа годзе стаў адным са стваральнікаў «Белага легіёну» — ваенізаванай патрыятычнай арганізацыі, мэтай якой была дапрызыўная падрыхтоўка моладзі. Сябры «Белага легіёну» былі актыўнымі ўдзельнікамі мітынгаў і шэсьцяў у 1996–1999 гадах. Арганізацыя спыніла сваё існаваньне на пачатку 2000-х. Апошні раз згадкі пра «Белы легіён» зьявіліся ў 2008 годзе. Тады Лазоўскага і былых кіраўнікоў арганізацыі затрымалі ў справе выбуху 3 ліпеня 2008 году, аднак неўзабаве вызвалілі з-пад варты.
  • У 2013 годзе Міраслаў Лазоўскі заснаваў кніжную сэрыю «Беларусь у войнах», яе мэтай ён называў распаўсюджваньне навукова-папулярных выданьняў аб гісторыі Беларусі. Працаваў у выдавецтве «Кнігазбор», якое зьліквідавалі ўлады ў студзені 2023 году.
  • У сакавіку 2017 году Міраслава Лазоўскага разам з больш як трыма дзясяткамі чалавек арыштавалі ў так званай «справе патрыётаў». Першапачаткова яму выставілі абвінавачаньне паводле ч. 3 артыкулу 293 («Падрыхтоўка масавых беспарадкаў»). Затым дадалі артыкул 287 («Стварэньне незаконнага ўзброенага фармаваньня»). За кратамі Лазоўскі правёў некалькі месяцаў, выйшаў на свабоду ў чэрвені. Крымінальная справа неўзабаве была прыпыненая, а пасьля закрытая.
  • Неўзабаве пасьля гэтага Міраслаў ажаніўся са сваёй дзяўчынай Сьвятланай. Пара выбрала для гэтага гадавіну бітвы пад Воршай 8 верасьня.
  • Пасьля пратэстаў 2020 году Міраслаў Лазоўскі пераехаў ва Ўкраіну. З пачаткам поўнамаштабнай расейскай агрэсіі далучыўся да беларускіх добраахвотнікаў, свайго удзелу ў баявых дзеяньнях не афішаваў.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • У 2022 годзе ва Ўкраіне загінулі 19 беларусаў, якія змагаюцца за яе незалежнасьць. Вядома пра двух ваяроў-беларусаў, якія трапілі ў расейскі палон.
  • 30 сакавіка ААН зацьвердзіла склад незалежнай камісіі, якая зоймецца расьсьледаваньнем расейскіх ваенных злачынстваў ва Ўкраіне. У яе ўвайшлі людзі, якія працавалі ў разборы генацыду ў Руандзе і Босьніі і Герцагавіне.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў. Расейцы выкарыстоўваюць забароненую зброю, у тым ліку касэтныя бомбы супраць мірнага насельніцтва.
  • 2 красавіка, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы. Таксама вядома пра шэраг згвалтаваньняў, у тым ліку немаўляці.
  • 9 траўня прэзыдэнт ЗША падпісаў закон аб лэнд-лізе. Гэты закон аднаўляе праграму часоў Другой сусьветнай вайны, якая дазволіць паскорыць пастаўкі Ўкраіне зброі і павялічыць аб’ёмы такой дапамогі.
  • 29 ліпеня ў выніку ўдару па калёніі ў Аленаўцы загінулі як найменей 53 украінскія палонныя, якія баранілі завод «Азоўсталь» у Марыюпалі і здаліся ў палон пасьля выкананьня баявога заданьня. Расейцы абвінавацілі ў нападзе Ўкраіну, украінскі бок заявіў пра наўмыснае забойства палонных расейскім бокам. Расейскія акупацыйныя ўлады не дапусьцілі ў Аленаўку місіі ААН і Чырвонага крыжа.
  • За шэсьць месяцаў вайны Расея змагла акупаваць каля 20% украінскай тэрыторыі. У сакавіку плошча акупаваных зямель даходзіла да 30%. Аднак у канцы месяца расейскія войскі адступілі з поўначы Ўкраіны, а таксама з большай часткі Харкаўскай вобласьці. На канец жніўня цалкам акупаванымі былі Крым, Луганская і Херсонская вобласьці. А таксама 50% тэрыторыі Данецкай вобласьці, каля 70% Запароскай, прыкладна 30% Харкаўскай.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Кіеў падазрае частку былога кіраўніцтва Херсона і вобласьці ў здрадзе дзяржаве. Таксама па такім падазрэньні затрымалі былога кіраўніка СБУ Харкаўскай вобласьці.
  • У верасьні ўкраінскія войскі пачалі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пачалі імкліва ўцякаць са сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • 21 верасьня Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайскаматаў. Прызываць у войска пачалі нават людзей без вайсковага досьведу, нягледзячы на абяцаньні, што на вайну адправяцца толькі дасьведчаныя. Мабілізацыя мужчын у расейскае войска праходзіць таксама на акупаваных тэрыторыях Украіны.
  • 2 кастрычніка Пуцін унёс на разгляд расейскага парлямэнту законапраект, які зьяўляецца спробай анэксіі частак чатырох рэгіёнаў Украіны. У складзе Расеі павінны будуць зьявіцца дзьве новыя рэспублікі — «ЛНР» і «ДНР» — і дзьве вобласьці — Запароская і Херсонская. Але дзякуючы контранаступу ўкраінцаў намаляваныя ў Маскве межы ня цалкам кантралююцца акупацыйнымі войскамі.
  • У кастрычніку ўкраінскія войскі пасьпяхова працягнулі контранаступ, у пачатку кастрычніка яны вызвалілі Ліман і Ямпаль, а таксама істотна наблізіліся да Сватава ў Луганскай вобласьці, а адтуль адкрываецца шлях на Севераданецк і Лісічанск.
  • Раніцай 10 кастрычніка расейцы распачалі інтэнсіўны абстрэл украінскай тэрыторыі, у тым ліку цэнтру Кіева. Ракеты даляцелі і да Львова, пазбавіўшы горад электрычнасьці. З таго часу Расея зрабіла каля 10 ракетных нападаў на аб'екты інфраструктуры і іншыя цывільныя мэты на тэрыторыі Ўкраіны.
  • Лукашэнка 10 кастрычніка правёў паседжаньне з Саветам бясьпекі і заявіў пра разгортваньне сумеснай з Пуціным групоўкі войскаў.
  • Увечары 15 лістапада Расея выпусьціла 100 ракет па ўсёй тэрыторыі Ўкраіны, у першую чаргу па энэргетычных аб'ектах, а ў Польшчы ў вёсцы Пшэводаў за 6 км ад мяжы з Украінай упалі дзьве ракеты, два чалавекі загінулі. Польскія ўлады выклікалі расейскага амбасадара для тлумачэньняў. Затым высьветлілася, што гэта, імаверна, наступствы працы ўкраінскай СПА, якая зьбівала расейскую ракету.
  • У лістападзе з наступленьнем халадоў Расея ўзмацніла ракетныя абстрэлы энэргетычнай інфраструктуры Ўкраіны. У выніку многія ўкраінскія гарады і частка Малдовы засталіся без электрычнасьці і вады. Украіна склікала тэрміновае пасяджэньне Рады бясьпекі ААН.
  • Упраўленьне стратэгічных камунікацый Узброеных сіл Украіны 1 студзеня 2023 году паведаміла пра амаль 400 загінулых расейцаў пры атацы на будынак Політэхнічнай вучэльні № 19 у Макееўцы. Там былі расейскія вайскоўцы і мабілізаваныя. Міністэрства абароны РФ прызнала 89 забітых.
  • 14 студзеня 2023 году ў выніку чарговага абстрэлу расейская ракета пацэліла ў шматпавярховік у горадзе Дніпро, загінулі і атрымалі раненьні дзясяткі чалавек. Ратавальная апэрацыя па пошуку целаў расьцягнулася на некалькі дзён.
  • У лютым адбываюцца за Бахмут, Крамянную, Сватава. Аднак выведка ЗША адзначыла, што расейцы ня маюць дастатковага патэнцыялу для паўнавартаснага наступу, а ў Мінабароны Вялікай Брытаніі заявілі, што расейцы ў першай палове лютага зазналі найбольшых стратаў за год.
  • Пуцін 25 сакавіка адзначыў, што 1 ліпеня ў Беларусі скончыцца будаўніцтва сховішча для тактычнай ядзернай зброі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.