У сваім звароце Сьвятлана Ціханоўская адзначае, што «ядзерная зброя — ніякі не „парасон“, які абароніць ад небясьпекі. Гэта ў першую чаргу мішэнь, мэта для зваротнага ўдару. Гэта прамая пагроза здароўю і жыцьцям беларусаў. Беларусаў, якія супраць разьмяшчэньня ядзернай зброі ў сваёй краіне».

Нагадаўшы, што ў 90-я беларусы адмовіліся ад ядзернай зброі безь якіх0небудзь умоваў, Сьвятлана Ціханоўская заклікала «зрабіць усё, каб сарваць пляны Пуціна і Лукашэнкі па разьмяшчэньні ядзернай зброі зь Беларусі». Таксама, яна заявіла, што «нашая галоўная мэта — цалкам пазбавіць Беларусь расейскага ўплыву. Выйсьці з АДКБ і Саюзнай дзяржавы — нам не патрэбны саюзы, якія разбураюць нашу краіну, супярэчаць нашым нацыянальным інтарэсам і ставяць пад пагрозу нашы жыцьці».

Сьвятлана Ціханоўская заклікала беларусаў, якія жывуць на Бацькаўшчыне, сачыць за навінамі ў незалежных СМІ і распаўсюджваць інфармацыю «аб тым, што адбываецца ў краіне і аб рызыках, зьвязаных з разьмяшчэньнем ядзернай зброі», далучацца да грамадзкіх ініцыятыў і кампаній, і сачыць за ўласнай бясьпекай.

Беларусаў замежжа Ціханоўская просіць зьвяртацца ў мясцовыя мэдыя і да палітыкаў з тлумачэньнем, што разьмяшўчэньне ядзернай зброі зьяўляецца праблемай для ўсёй Эўропы.