З крытыкай міжнародных спартовых арганізацый выступіў вядомы беларускі дзесяціборац Андрэй Краўчанка. Ён удзельнічаў у пратэстах супраць дыктатуры Аляксандра Лукашэнкі ў 2020-м годзе, адбываў адміністрацыйны арышт і вымушаны быў скончыць кар’еру. Надзеі на яе аднаўленьне зьніклі празь бязьдзейнасьць міжнароднай спартовай супольнасьці, якая абяцала разьбіральніцтвы, аднак нічога не зрабіла.

У інтэрвію «Новой газете Европа» Андрэй Краўчанка расказаў пра забарону на выступленьні ўсім беларусам, незалежна ад палітычнай пазыцыі.

«Пасьля таго як Беларусь забанілі, для нас наступіла зусім цемра. Ніхто ні ў чым ня хоча разьбірацца — забанілі і забанілі. Беларус, значыць, усё, не выступаеш: усё роўна, што ты хадзіў на маршы, сядзеў у турме. Міжнародныя спартовыя арганізацыі ніякай падтрымкі не аказалі. Я павінен быў карміць сям’ю, таму мне прыйшлося адмовіцца ад плянаў працягваць кар’еру».

Жонка Краўчанкі — лёгкаатлетка Яна Максімава яшчэ мае надзею выступіць на Алімпійскіх гульняў 2024 году ў францускім Парыжы. Аднак на гэты момант ніякага станоўчага рашэньня ад МАК для беларускіх спартоўцаў, якія выступілі супраць дыктатуры Лукашэнкі і асудзілі расейскую ваенную агрэсію, няма.

«Яна не гатовая разьвітацца з марай і спадзяецца прыняць удзел у Алімпіядзе 2024 году. Праўда, у яе таксама не атрымліваецца на новым месцы вырашыць пытаньне з дакумэнтамі. Усё залежыць ад міжнародных фэдэрацый, а мы куды толькі ні пісалі — ніхто не адказвае».

На думку Краўчанкі, МАК клапоціцца толькі пра пытаньне допуску беларусаў і расейцаў ад «афіцыйных» дэлегацый, каб дазволіць ім выступленьне прынамсі пад нэўтральным сьцягам. Тым жа, хто выступіў супраць уладаў, не даюць надзей.

«МАК ніяк не дапамагае спартоўцам, якія змагаліся з рэжымам, але так заўзята клапоціцца пра беларусаў і расейцаў, якія нічога ня робяць. Я ўжо наогул перастаў разумець, у чым сэнс».

Раней МАК вынес рэкамэндацыі міжнародным фэдэрацыям у розных відах спорту дзейнічаць паводле ўласных рашэньняў. Пасьля гэтага некалькі фэдэрацый дапусьцілі да спаборніцтваў, і гэта выклікала шэраг пратэстаў. Напрыклад, зборная Ўкраіны скасавала сваю заяўку на ўдзел у чэмпіянаце сьвету ў дзюдо праз допуск расейскіх і беларускіх спартоўцаў.