На новым відэа малады чалавек кажа, што хоча «даць тлумачэньні па нядаўняй сытуацыі, зьвязанай з публічным выбачэньнем». Ён зноў прыносіць «публічныя прабачэньні за публічную абразу», падкрэсьлівае, што любіць сваю краіну і просіць «беглую апазыцыю, якая спахапіліся, а таксама некампэтэнтных праваабаронцаў» не турбаваць яго і ягоны факультэт.

Таксама ён просіць «зьвяртаць увагу ня толькі на Крымінальны, але і Грамадзянскі кодэкс» усіх, хто ня вучыцца ў БДУ і «ня мае дачыненьня» да Беларусі.

У першым відэа з хлопцам, апублікаваным у афіцыйным акаўнце юрфака Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта ў Instagram, хлопец «каяўся» ў «распаўсюдзе зьвестак, якія дыскрэдытуюць адміністрацыю і БРСМ».

Адвакатка Марыя Колесава-Гудзіліна, якая зьвярнула ўвагу на відэа, адзначыла, што гэта прамое парушэньне прэзумпцыі невінаватасьці, калі чалавек вымушаны ў непрацэсуальнай форме прызнацца ва ўчыненьні забароненых дзеяньняў. На яе думку, відэа парушае права не падвяргацца жорсткаму, бесчалавечнаму і зьневажальнаму абыходжаньню ці катаваньням.

Адвакатка выказала ўпэўненасьць у тым, што адказных за здымку гэтага відэа можна прыцягнуць да адказнасьці паводле арт. 426 Крымінальнага кодэксу (злачынства супраць чалавечнасьці, якое зьдзяйсьняецца прадстаўніком дзяржавы).