Губэрнатар Фларыды зьбіраецца афіцыйна запусьціць сваю прэзыдэнцкую кампанію сёньня падчас стрыму ў Twitter зь Ілонам Маскам.

ДэСантыс стане галоўным канкурэнтам экс-прэзыдэнту Дональду Трампу ў барацьбе за вылучэньне ў прэзыдэнты ЗША ад Рэспубліканскай партыі.

На выбарах у лістападзе 2024 года кандыдат ад Рэспубліканскай партыі будзе змагацца з кандыдатам ад Дэмакратычнай партыі, імаверна, прэзыдэнтам Джо Байдэнам, які абвясьціў аб сваім намеры зноў балятавацца ў мінулым месяцы.

Як адзначае ВВС пазыцыя ДэСантыса адносна вайны ва Ўкраіне істотна адрозьніваецца ад палітыкі адміністрацыі Байдэна.

У сакавіку ДэСантыс назваў гэтую вайну «тэрытарыяльнай спрэчкай» паміж Расеяй і Ўкраінай. Яму давялося тлумачыцца пасьля рэзкай крытыкі ў яго адрас. Аднак губэрнатар Флярыды падкрэсьліў, што Расея ня мела права ўрывацца ў сувэрэнную краіну, але адзначыў, што «там шмат этнічных расейцаў».

У красавіку ДэСантыс, які раней скептычна выказваўся з нагоды шырокай амэрыканскай ваеннай дапамогі Кіеву, заклікаў да мірных перамоваў паміж Расеяй і Ўкраінай.

Кіеў настойвае, што спачатку Украіне павінныя быць вернутыя яе законныя тэрыторыі.

«Вы ня хочаце апынуцца ў сытуацыі, падобнай бітве пад Вэрдэнам, калі ў вас проста масавыя страты, вялікія выдаткі і ў канчатковым выніку патавая сытуацыя», — заявіў ДэСантыс у канцы красавіка.

У бітве пад Вэрдэнам, адной з самых крывавых падчас Першай сусьветнай вайны, было забіта каля 700 тысячаў чалавек.