У праекце зьмяшчаецца прапанова аб забароне паставак у Расею любых бесьпілётных лятальных апаратаў. Таксама будзе забароненая пастаўка матораў для іх — ня толькі ў Расею, але і ў краіны, якія, на думку ЭЗ, могуць прадаць іх Расеі, такія як Іран.

Таксама прапануецца ўвесьці забарону на новыя інвэстыцыі ў горназдабыўны сэктар Расеі. Будзе ўзмоцнены экспартны кантроль за пастаўкай у Расею тавараў і цывільных тэхналёгій, якія патэнцыйна могуць быць выкарыстаныя ў ваенных мэтах.

Санкцыі павінны закрануць чатыры расейскія тэлеканалы і тры банкі. Іх назвы пакуль не паведамляюцца.

У дачыненьні да каля 200 фізычных і юрыдычных асобаў маюць быць уведзеныя пэрсанальныя санкцыі — замарожаньне актываў і, у дачыненьні да фізычных асобаў, забарона на ўезд. Гаворка, як паведамляецца, пойдзе пра дэпутатаў, чыноўнікаў, военачальнікаў, а таксама ўзброеныя сілы Расеі, прадпрыемствы абароннай прамысловасьці і палітычныя партыі.

Як чакаецца, дзявяты пакет санкцый можа быць ухвалены ўжо на наступным тыдні, на саміце ЭЗ. У праект яшчэ могуць унесьці зьмены.

Бесьпілётнікі адыгрываюць важную ролю ў баявых дзеяньнях ва Ўкраіне. Расея ў апошнія месяцы выкарыстоўвае для ўдараў па Ўкраіне дроны «Герань-2», якія, як сьцьвярджаюць Украіна і краіны Захаду, зьяўляюцца пастаўленымі з Ірану бесьпілётнікамі «Шагед-136». Іранскія ўлады прызналі, што пастаўлялі Маскве ўдарныя бесьпілётнікі, хаця і сьцьвярджаюць, што гэта было да пачатку вайны.

5 сьнежня ў сілу ўступіў восьмы пакет санкцый ЭЗ супраць Расеі, які ўключае ўвядзеньне гранічнай цаны на расейскую нафту, якая перавозіцца танкерамі. Абмежаваньні прадугледжваюць і поўную забарону для краін ЭЗ ад таго дня закупляць у Расеі нафту, якая пастаўляецца марскім шляхам. На трубаправодную нафту забарона пакуль не пашыраецца. Расея заявіла, што адмовіцца пастаўляць нафту і нафтапрадукты ў краіны, якія ўвядуць столь коштаў. На гэты момант, аднак, ні пра якія фармальныя рашэньні Масква не абвяшчала.