На шклозаводзе «Нёман» у Бярозаўцы адбыліся палітычныя затрыманьні

Як стала вядома праваабаронцам 9 сьнежня, учора сілавікі зноў правялі рэйд па супрацоўніках шклозавода «Нёман» у Бярозаўцы.

Паводле інфармацыі тэлеграм-каналу «Задержания, суды в Лиде», за падпіскі і «лайкі» затрымалі каля 10 чалавек.

У жніўні на шклозаводзе ўжо праходзіў «хапун» — тады затрымалі сама меней 9 чалавек.

Чарговы ператрус у журналіста Зьмітра Лупача

Як даведалася Беларуская асацыяцыя журналістаў, ператрус адбыўся 8 сьнежня. Пра вясковую хату сілавікі распытвалі сястру журналіста. Сам Зьміцер Лупач зараз знаходзіцца па-за межамі Беларусі.

«У той хаце няма ніякіх кампутараў, хіба толькі старая мэбля і кнігі, якія я не забраў у сваю кватэру ў Глыбокім. Так што забіраць там не было чаго», — распавёў Лупач БАЖ.

6 сьнежня прайшоў ператрус і ў глыбоцкай кватэры журналіста. Па словах відавочцаў, у кватэру пазванілі супрацоўнікі міліцыі, а пераканаўшыся, што ўнутры нікога няма, яны выклікалі «ратавальнікаў» МНС, якія выламалі дзьверы. Празь некаторы час міліцыянты зьехалі, а кватэру журналіста апячаталі.

У кастрычніку пачалі судзіць дачку журналіста — палітзьняволеную Сьвятлану Лупач. Падрабязнасьці судовага працэсу невядомыя.