Польскі Цэнтар дыялёгу імя Юльюша Мерашэўскага падрыхтаваў справаздачу з дасьледаваньня грамадзкай думкі на тэму «Беларуская эміграцыя ў Польшчы — меркаваньні, стаўленьне, дылемы».

Апыталі 1299 грамадзян Беларусі, якія зараз жывуць на тэрыторыі Польшчы, большасьць — 54% — былыя жыхары Менска. Маладыя людзі ад 25 да 44 гадоў складаюць 75% апытаных.

Амаль палова апытаных жыве ў Варшаве і на Памор’і. Пасьля 2020 года ў Польшчу прыехала 87% рэспандэнтаў.

«Гэтая справаздача дае ўяўленьне пра сёньняшні стан грамадзкай сьвядомасьці ў польска-беларускай праблематыцы, зафіксаваны ў драматычны для Беларусі і цяжкі час для Польшчы. Прыток беларусаў, які расьце са жніўня 2020 года і ўзмацняецца з ростам рэпрэсіўнасьці рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, зьяўляецца ня менш важным складнікам новага сацыяльнага ляндшафту, які ствараецца ў Польшчы ў сувязі з падзеямі на ўсход ад польскіх межаў», — гаворыцца ў прэамбуле справаздачы.

Як вынікае з дасьледаваньня, асноўнай прычынай выезду з краіны для большасьці беларусаў, якія цяпер знаходзяцца ў Польшчы, зьяўляецца страх перад рэпрэсіямі ў Беларусі (86%).

Вельмі пазытыўна ці хутчэй пазытыўна ацэньвае свой побыт у Польшчы 90% апытаных беларусаў. Таму людзі плянуюць застацца ў Польшчы. Пра тое, што не жадаюць вяртацца ў Беларусь, заяўляе палова апытаных беларусаў, з іх 45% апытаных сказалі, што плянуюць застацца ў Польшчы назаўжды.

Для большасьці рэспандэнтаў найбольшай праблемай, зьвязанай са знаходжаньнем у Польшчы, было вырашэньне спраў з легалізацыяй. 70% апытаных заявілі пра нязначныя або сур’ёзныя праблемы ў гэтай сфэры. Яшчэ адной праблемай для большасьці мігрантаў з Беларусі было наладжваньне сацыяльных кантактаў/сяброўства з палякамі (64%) і пошук нерухомасьці для арэнды (60%).


Беларусы цікавяцца падзеямі ў Польшчы і за мяжой. 65% з іх выкарыстоўвае як крыніцу інфармацыі беларускія незалежныя мэдыі, яшчэ 20% — СМІ на польскай мове.


Большасць апытаных лічаць, што Польшча захоўвае прыязнае стаўленьне да Беларусі. У сваю чаргу, самай недружалюбнай краінай у адносінах да Беларусі, на думку рэспандэнтаў, зьяўляецца Расея. 82% не падзяляюць меркаваньня, што беларусы і расейцы зьяўляюцца найбольш блізкімі паміж сабой народамі.

«Грамада беларусаў, якія прыехалі ў Польшчу ў апошнія гады, аказваецца вельмі згуртаванай і аднастайнай у сваіх поглядах на палітычныя, нацыянальна-моўныя, гістарычныя і культурныя справы. Мы маем тут справу не са зрэзам усяго беларускага грамадзтва, зь „Беларусьсю ў мініяцюры“, а з супольнасьцю эмігрантаў з выразнымі, даволі адназначнымі поглядамі, якім няма месца ў сёньняшняй беларускай дзяржаве», — робяць выснову дасьледчыкі.