Суд Кастрычніцкага раёна Менска пакараў пазбаўленьнем волі Аляксандра Кандрацьева паводле арт. 370 Крымінальнага кодэкса «Зьдзек з дзяржаўных сымбаляў», паведамляюць праваабаронцы. Справу разглядала судзьдзя Алена Жывіца.

Па матэрыялах абвінавачаньня, Кандрацьеў увечары 31 ліпеня 2023 года, знаходзячыся паблізу будынка аднаго зь інтэрнатаў Менскага завода грамадзянскай авіяцыі № 407 па вуліцы Чкалава, рукамі схапіў за палотнішча дзяржаўны сьцяг, замацаваны на фасадзе будынка, пасьля чаго сарваў яго з мацаваньне, зламаўшы пры гэтым дрэўка, якое зьяўляецца часткай сьцяга. Затым скруціў палотнішча сьцяга і забраў яго з сабой.

Матэрыяльная шкода заводу склала 130 рублёў 82 капейкі.

Мужчыну «вылічылі» па запісе з камэры відэаназіраньня і 14 жніўня затрымалі, зьмясьціўшы да суда ў сьледчы ізалятар. У судзе сьцьвярджалася, што Аляксандар знаходзіўся ў стане алькагольнага ап’яненьня.

Суд прызнаў Аляксандра Кандрацьева вінаватым і прызначыў яму 1 год калёніі агульнага рэжыму.

Былога палітзьняволенага зноў затрымалі і зьмясьцілі ў ІЧУ

Уладальніка гаспадаркі зь вёскі Людвінава Драгічынскага раёна Ўладзімера Казеку затрымалі 28 кастрычніка пасьля праверкі тэлефона за старыя падпіскі па арт. 19.11 ч. 2 КаАП («распаўсюд экстрэмісцкай інфармацыі»). Па папярэдняй інфармацыі, дома ў яго адбыўся ператрус, таксама вынялі аргтэхніку.

30 кастрычніка ў судзе Янаўскага раёна яго арыштавалі на 15 сутак.

Справу разглядаў судзьдзя Мікалай Стасевіч. З моманту затрыманьня Уладзіміра ўтрымліваюць у ІЧУ Іванаўскага раёна.

Уладзіміра затрымлівалі 9 траўня 2023 года на памежным пераходзе Тэрэспаль-Берасьце, калі ён вяртаўся ў Беларусь. Тады яго тройчы запар судзілі па ч.2 арт. 19.11 КаАП. У чэрвені ён выйшаў на волю пасьля 43 сутак арышту. Пасьля трэцяга суду Ўладзімер абвясьціў галадоўку і трымаў яе, пакуль не выйшаў на волю.