У Вільні на форуме свабоднай журналістыкі Беларусі і Літвы, які праходзіць у літоўскім парлямэнце, абмяркоўваюць прафэсійныя стандарты ў кантэксьце войнаў і міжнародных канфліктаў.

«Мы ўжо трэці год запар праводзім форум журналістаў Беларусі і Літвы (а цяпер і Латвіі і Эстоніі) тут, у памяшканьні сейма Літвы. З аднаго боку, гэта сьведчыць пра тую падтрымку, якую атрымліваюць беларускія незалежныя журналісты ў выгнаньні, і пра салідарнасьць калегаў», — паведаміў старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.

Кіраўнік забароненай у Беларусі журналісцкай арганізацыі падкрэсьліў, што ва ўмовах узмацненьня рэпрэсій супраць журналістаў, вельмі важна, каб гэтая тэма «ня выпала з фокусу ўвагі міжнароднай супольнасьці».

Андрэй Бастунец дадаў, што для яго асабіста вельмі значна, каб на кожнай міжнароднай сустрэчы, форуме, канфэрэнцыі цяпер, калі па аб’ектыўных і зразумелых прычынах Беларусь не знаходзіцца ў зводках інфармацыйных агенцтваў, — кожны раз нагадваць пра раўнабедраны трохкутнік: Беларусь — беларуская незалежная журналістыка — беларускія журналісты і наогул палітвязьні за кратамі.

У Беларусі за гратамі знаходзяцца 32 журналісты, у тым ліку два карэспандэнты Радыё Свабода і адзін былы журналіст Свабоды.