Асноўнай прычынай павелічэньня колькасьці транспарту перад пунктамі пропуску Памежны камітэт Беларусі называе «невыкананьне сумежнымі краінамі ЭЗ норм пропуску».

Самі кіроўцы фур зьвязваюць вялікія чэргі з поўным закрыцьцём мяжы паміж Расеяй і Фінляндыяй, на якой раней працавала 8 пераходаў для грузавога транспарту.

Тым часам кіраўніца памежнага ўпраўленьня Дэпартамэнта паліцыі і памежнай аховы Эстоніі Ева Калмус заявіла выданьню Yle, што Эстонія можа рушыць за прыкладам Фінляндыі і закрыць пераходы на мяжы з Расеяй.

На сёньня самы загружаны маршрут зь Беларусі ў Эўразьвяз праходзіць праз пункт пропуску Кукурыкі — Казловічы, паведамляе беларускае памежнае ведамства. Уезду на польскую тэрыторыю чакаюць больш за 1000 грузавікоў. Яго кантрольныя службы з пятніцы прапусьцілі на сваю тэрыторыю 61 працэнт транспарту ад нормы.

Найбольшая колькасьць транспарту на літоўскім напрамку — перад пераходам Салечнікі — Беняконі. Тут чарга фур складае больш за 860 адзінак. Зь пятніцы праз гэты памежны пераход на сумежную тэрыторыю прайшло 26 працэнтаў велікагрузаў, 2 фуры за гадзіну з 10 магчымых.

Праз адзіны латвійскі пункт пропуску, які да сёньня функцыянуе, Патэрніекі — Грыгараўшчына, у краіны ЭЗ за выхадныя дні ўехала 48% фур.

Закрыцьцё пераходаў на мяжы Польшчы і Беларусі. Што варта ведаць

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Польшча стала адной з краін, куды кінуліся патокі мігрантаў. Рэагуючы на крызіс, Польшча, як і Літва, пачала будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю, а 9 лістапада 2021 году закрыла пераход Кузьніца Беластоцкая — Брузгі.
  • У Варшаве абвінавацілі рэжым Лукашэнкі ў арганізацыі нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу з тым, каб шантажаваць краіны ЭЗ і патрабаваць зьняцьця санкцый. Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • 9 лютага 2023 году міністар унутраных спраў Польшчы Марыюш Каміньскі заявіў аб рашэньні закрыць памежны пераход Баброўнікі — Бераставіца, пачынаючы з 10 лютага. Гэта стала адказам Польшчы на палітычны прысуд журналісту Анджэю Пачобуту, актывісту польскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі. Яму прысудзілі 8 гадоў калёніі.
  • Усяго на беларуска-польскай мяжы 6 пунктаў пропуску. З 10 лютага 2023 году зь іх толькі адзін адкрыты для легкавікоў і адзін для грузавікоў, у Берасьці.

Памежныя пераходы на мяжы Беларусі і Польшчы. Інфаграфіка

  • Берасьце (Тэрэспаль з польскага боку) — дзейнічае толькі для легкавікоў;
  • Казловічы (Кукурыкі) — праезд дазволены толькі грузавым аўтамабілям;
  • Брузгі (Кузьніца Беластоцкая)— закрыты ў 2021 годзе;
  • Бераставіца (Баброўнікі), — закрыты з 10 лютага 2023;
  • Пясчатка (Полаўцы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку;
  • Дамачава (Славатычы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку.
    • Каля Горадні працягвае працу памежны пункт зь Літвой «Прывалка — Райгардас». Ён знаходзіцца блізка да мяжы з Польшчай.
    • На прэс-канфэрэнцыі ў Брусэлі 10 лютага прэм’ер-міністар Польшчы адзначыў, што ў Варшаве разглядаюць варыянт закрыцьця астатніх двух пераходаў на мяжы зь Беларусьсю. Ён заявіў, што да Беларусі «інструмэнтальна ставяцца» расейцы і Крэмль, і гэта складае вялікую пагрозу Польшчы і Ўкраіне.
    • Перад закрыцьцём памежнага пераходу ў Баброўніках там затрымалі сама меней 12 мытнікаў. Гаворка, магчыма, ідзе пра хабарніцтва. Пра гэта паведаміла Gazeta Wyborcza. Інфармацыю аб затрыманьні мытнікаў выданьне атрымала ў ноч на 11 лютага, ужо пасьля закрыцьця памежнага пераходу.
    • 13 лютага Памежны камітэт Беларусі паведаміў, што колькасьць аўтамабіляў за першыя выходныя пасьля закрыцьця Баброўнікаў на іншых пераходах павялічылася на 16%.