Па інфармацыі берасьцейскай «Вясны», праваабаронцу з Баранавічаў Аляксандра Вайцешыка ня вызвалілі зь ізалятару пасьля адбыцьця 15 сутак адміністрацыйнага арышту.

Вайцешыка затрымалі 9 лістапада і павінны былі вызваліць 24 лістапада, але гэтага не адбылося. Магчыма, сілавікі вырашылі «перазатрымаць» праваабаронцу на 72 гадзіны, і тады Аляксандар Вайцешык мусіў бы выйсьці з ІЧУ 27 лістапада, паведамляе «Вясна». Аднак па стане на вечар 27 лістапада яго так і не выпусьцілі на волю. Па якой прычыне — невядома.

Аляксандра Вайцешыка затрымалі 9 лістапада пасьля вобшуку ў кватэры. 10 лістапада судзьдзя Іна Паўлоўская пакарала Вайцешыка 15 суткамі арышту па ч.2 арт.19.11 КоАП Рэспублікі Беларусь («Распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама выраб, выданьне, захоўваньне або перавозка з мэтай распаўсюду такой інфармацыі»).