Па непацьверджаных дадзеных, павінны быць вызваленыя 10 ізраільцянак — дзевяць жанчын і адна 17-гадовая дзяўчына. Акрамя таго, могуць быць вызвалены ад шасьці да васьмі грамадзян Тайлянда. Гэтая інфармацыя ўдакладняецца.

Рэжым спыненьня агню дзейнічае ў паласе Газы з 24 лістапада. Перапынак павінен быць выкарыстаны для вызваленьня ізраільскіх закладнікаў з Газы ў Ізраіль у абмен на вызваленьне палестынскіх зьняволеных з ізраільскіх турмаў, а таксама дастаўку гуманітарнай дапамогі палестынцам.

Спачатку часовае замірэньне ўстанаўлівалася на чатыры дні. За гэты час у Ізраіль вярнуліся 51 ізраільцянін і больш за 20 замежнікаў.

27 лістапада спыненьне агню ў паласе Газы і вызваленьне закладнікаў і палестынскіх зьняволеных былі працягнутыя яшчэ на два дні па формуле вызваленьня 10 ізраільскіх закладнікаў і 30 палестынцаў кожны дзень. Пасьля гэтага часовае замірэньне, паводле зьвестак СМІ, можа быць працягнутае яшчэ на два дні.

Пасрэднікамі пры ўрэгуляваньні канфлікту выступаюць сярод іншых Эгіпет і Катар. У Досе зараз знаходзяцца эгіпэцкія, катарскія, амэрыканскія і ізраільскія афіцыйныя асобы. У сталіцу Катара таксама прыбыў кіраўнік ЦРУ Уільям Бэрн.