У сацыяльных сетках распаўсюджваюцца фота і відэа, на якіх Маск і Нэтаньягу ў бронекамізэльках аглядаюць наступствы нападу палестынскай групоўкі ХАМАС, прызнанай тэрарыстычнай у ЗША і Эўразьвязе. Маск таксама паразмаўляў са сваякамі закладнікаў.

«Учынкі кажуць больш, чым словы», — напісаў Маск у сваім акаўнце ў X.

Bloomberg паведамляе, што ўрад Ізраілю вядзе з Маскам перамовы наконт выкарыстаньня сеткі спадарожнікавай сувязі Starlink вайскоўцамі. У кастрычніку мільярдэр заявіў, што можа даць спадарожнікі арганізацыям, якія аказваюць дапамогу ў сэктары Газа. Гэта выклікала крытыку ізраільскіх чыноўнікаў.

Паездка Маска праходзіць на фоне нядаўніх абвінавачаньняў у антысэмітызьме на ягоны адрас. Нагодай стаў пост аднаго з карыстальнікаў X, у якім гаварылася, што габрэйскія супольнасьці прасоўваюць у адносінах да «белых людзей» такую ж нянавісьць, якую патрабуюць спыніць у адносінах да сябе. Маск пагадзіўся з выказваньнем. Пасьля гэтага супрацоўніцтва з X прыпынілі буйныя рэкламадаўцы — Apple, Walt Disney, IBM, Sony Pictures і іншыя. У адказ Маск паабяцаў накіраваць частку даходаў X на гуманітарную дапамогу Ізраілю і Газе.