Рэдактары слоўніка падкрэсьліваюць, што яго карыстальнікі ў 2023 годзе сталі часьцей цікавіцца сапраўднасьцю або аўтэнтычнасьцю інфармацыі праз пашырэньне фэйкавых навінаў і посьпехі ў разьвіцьці тэхналёгіяў штучнага інтэлекту, які дазваляе ствараць тэксты і выявы, амаль неадрозныя ад рэальнасьці. Менавіта «Штучны інтэлект» 1 лістапада назваў «словам году-2023» іншы вядомы слоўнік ангельскай мовы — Collins.

«Аўтэнтычнымі», пішуць у Merriam-Webster, могуць быць нацыянальная кухня ці фальклор, калі яны не мадэрнізаваныя так, каб адпавядаць сучасным густам. У той жа час поп-зорак і грамадзкіх дзеячоў заклікаюць да «аўтэнтычнасьці», каб яны казалі тое, што сапраўды думаюць, а ня тое, што хоча пачуць публіка. Аднакарэннае слова «аўтэнтыфікацыя» азначае пацьверджаньне ідэнтычнасьці — напрыклад, у сацсетках аўтэнтыфікацыя выкарыстоўваецца, каб пацьвердзіць, што акаўнт сапраўды належыць таму чалавеку, на якога ён зарэгістраваны.

Вайна — слова 2022 году

«Слова году» Merriam-Webster выбірае, зыходзячы з колькасьці запытаў менавіта для гэтага слова на сайце слоўніка, а таксама ў цэлым рост яго ўжываньня. У мінулым годзе такім словам стаў «газлайтынг» — тэрмін, таксама зьвязаны з супрацьстаяньнем праўды і падману. Газлайтынг — гэта маніпулятарскі прыём, калі чалавека прымушаюць ня верыць сваім вачам, а верыць таму, што яму накідаюць.