Пра гэта піша партал «Зеркало».

Асабліва пагрозьлівым выглядае той факт, што папярэджаньне аб гэтай зьяве прыйшло ад глабальнай сыстэмы назіраньня за ўспышкамі захворваньняў ProMED — менавіта яна ў канцы сьнежня 2019 года прыцягнула ўвагу многіх лекараў і навукоўцаў, а таксама чыноўнікаў САЗ да загадкавага віруса, пазьней названага SARS-CoV- 2.

Што вядома пра кітайскі ўспышкамі пнэўманіі зараз?

13 лістапада Нацыянальная камісія здароўя Кітаю паведаміла аб росьце выпадкаў рэсьпіраторных захворваньняў у краіне. Чыноўнікі растлумачылі, што такая сытуацыя зьвязаная з адменай антыкавідных абмежаваньняў — краіна ўпершыню за тры гады ўваходзіць у халодную пару года без строгіх мераў у рамках стратэгіі «нулявой талерантнасьці да COVID-19». Ад гэтай палітыкі, у межах якой улады жорстка ізалявалі ўсіх хворых, а таксама людзей, якія мелі зь імі кантакт, Кітай адмовіўся ў сьнежні 2022 году.

Таксама рост захворваньня чыноўнікі тлумачаць адначасовай цыркуляцыяй адразу чатырох узбуджальнікаў інфэкцыйных захворваньняў: вірусаў грыпу, бактэрый Mycoplasma pneumoniae, рэсьпіраторных вірусаў (РСВ) і каранавірусаў COVID-19.

21 лістапада аб зьяўленьні кластэраў дзіцячых пнэўманій незразумелага паходжаньня на поўначы Кітая абвясьціла Глябальная сыстэма назіраньня за ўспышкамі захворваньняў ProMED. Успышкі былі зафіксаваны ў Пэкіне і ў паўночна-ўсходняй правінцыі Ляанін, у прыбярэжным горадзе Сямэнь. У многіх школах былі адмененыя заняткі, паколькі на пнэўманію захварэлі ня толькі вучні, але і настаўнікі. Дзіцячыя шпіталі там былі перапоўненыя.

У сераду, 22 лістапада, САЗ адправіла афіцыйны запыт Кітаю аб падрабязнай інфармацыі аб успышцы. Згодна з правіламі, Кітай павінен адказаць САЗ на працягу 24 гадзін — гэта значыць адказ можна чакаць ужо сёньня.

Паводле інфармацыі пэкінскай карэспандэнткі «Аль-Джазіры», да 23 лістапада адзін з буйных шпіталёў Пэкіну прымаў у аддзяленьні неадкладнай дапамогі каля 1200 пацыентаў з гэтым захворваньнем. Самы вялікі прырост назіраўся ў дзіцячых аддзяленьнях. У пэкінскіх школах адзначаецца высокі ўзровень пропускаў заняткаў, некаторыя клясы распускаюць па дамах як мінімум на тыдзень.

Таксама 23 лістапада зьявіўся афіцыйны камэнтар Нацыянальнай камісіі здароўя КНР. У ім чыноўнікі прызналі, што многія дзіцячыя бальніцы ў краіне перапоўнены пацыентамі з інфэкцыйнымі захворваньнямі дыхальных шляхоў. Каб не перагружаць сыстэму аховы здароўя, яны раілі зьвяртацца ў шпіталь у гэтым выпадку, калі высокая тэмпэратура трымаецца ў дзіцяці даўжэй за тры дні.

Як працякае «недыягнаставаная пнэўманія»?

Па сьведчаньнях відавочцаў, зараз у раёнах ўспышкі пнэўманіі ў Кітаі на яе хварэюць пераважна дзеці. У хворых не назіраецца кашлю ці іншых бачных сымптомаў, акрамя высокай тэмпэратуры. Акрамя таго, у многіх разьвіваюцца лёгачныя вузельчыкі, якія могуць быць спадарожнікамі пнэўманіі.

САЗ яшчэ не вызначылася з тым, што менавіта адбываецца ў Кітаі, але раіць яго жыхарам выконваць меры па зьніжэньні рызыкі рэсьпіраторных захворваньняў:

вакцынавацца ад сэзонных інфэкцыяў; па магчымасьці трымацца на адлегласьці ад хворых людзей; заставацца дома падчас хваробы; забясьпечыць добрую вэнтыляцыю ў сваім жыльлі; абавязкова насіць маскі і рэгулярна мыць рукі.

Пакуль для ўспышкі захворваньня ў Кітаі выкарыстоўваюць тэрмін «недыягнаставаная пнэўманія», паколькі незразумела, што яе выклікае. Гэта могуць быць як звычайныя вірусы і бактэрыі, гэтак і нейкі новы ўзбуджальнік. У апошнім выпадку досыць рэальным выглядае рызыка ўзьнікненьня новай пандэміі — гэта значыць распаўсюду захворваньня па ўсёй плянэце.

Ці трэба рыхтавацца да новай пандэміі?

Імаверна, што не. Прынамсі, зараз нішто не ўказвае на такое разьвіцьцё падзеяў. Пакуль што экспэрты ў галіне здароўя сыходзяцца ў меркаваньні, што Кітай сапраўды перажывае працэс выхаду з карантыну.

Выглядае, што жыхары КНР «пагашаюць даўгі» перад імунітэтам пасьля працяглай ізаляцыі, якая рэзка скараціла цыркуляцыю ня толькі вірусу COVID-19, але і ўзбуджальнікаў іншых інфэкцыяў. Так лічыць, напрыклад, Франсуа Балу — дырэктар Інстытута генэтыкі Ўніверсытэцкага каледжу Лёндану.

На думку прафэсара Пола Хантэра з Унівэрсытэту Ўсходняй Англіі, у цяперашні час яшчэ занадта мала інфармацыі для таго, каб можна было зрабіць канчатковую выснову аб тым, што стала прычынай інфэкцыйнай ўспышкі ў Кітаі. Але ў цэлым яе карціна не падобная на эпідэмію, выкліканую новым вірусам: навуковец лічыць, што ў такім выпадку было б значна больш выпадкаў захворваньня сярод дарослых.

Бясьпечная сувязь
з нашай рэдакцыяй

ТУТ