Асацыяцыя беларускага бізнэсу за мяжой (ABBA) сумесна з дасьледчым цэнтрам CASE і Цэнтрам новых ідэяў правялі апытаньне сярод беларускіх кампаніяў, адкрытых у краінах Эўразьвязу. Пра гэта паведамляе партал «Зеркало».

Сярод іншага ў бізнэсоўцаў-эмігрантаў, ці хочуць яны самі вярнуцца ў Беларусь пасьля палітычных і эканамічных зьменаў, а таксама ці гатовы пераводзіць у Беларусь свае фірмы. Толькі 15% адказалі, што жадаюць вярнуцца ў Беларусь. 40% апытаных уладальнікаў такіх фірмаў заявілі, што хацелі б пакінуць свой эўрапейскі бізнэс, але паралельна пачаць сваю справу ў Беларусі.

— Казаць, што толькі 15% гатовыя вярнуцца, было б не вельмі правільна, — удакладніў віцэ-прэзыдэнт Асацыяцыі беларускага бізнэсу за мяжой (ABBA) Сэрж Наўродзкі, адзначыўшы, што вялікая доля рэспандэнтаў паведаміла пра гатоўнасьць удзельнічаць у разьвіцьці беларускай эканомікі тым ці іншым спосабам.

У апытаньні ўзялі ўдзел 102 прадпрымальнікі, якія маюць бізнэс у краінах ЭЗ. Праводзілася апытаньне ў верасьні-кастрычніку 2023 года.

Чвэрць удзельнікаў дасьледаваньня гатовыя інвэставаць у Беларусь, а пятая частка выбрала б іншы фармат падтрымкі разьвіцьця беларускай эканомікі. Пры гэтым ніхто не паведаміў аб гатоўнасьці ў такой сытуацыі цалкам адмовіцца ад бізнэсу ў Эўропе дзеля адкрыцьця сваёй справы на радзіме.

Паводле аўтараў дасьледаваньня, чым даўжэй эмігранты разьвіваюць сваю справу за мяжой, тым большая доля зь іх кажа, што не гатовая вяртацца.

З удзельнікаў дасьледаваньня 43% перавялі ў ЭЗ свой бізнэс з Беларусі, астатнія разьвівалі яго ў новай краіне з нуля. У 93% апытаных фірмаў больш за палову супрацоўнікаў — таксама грамадзяне Беларусі.

На далікатныя тэмы
пішыце нам сюды.

БЯСЬПЕЧНА