У судзе Баранавіцкага раёна і Баранавічаў 17 жніўня вынесьлі прысуд 36-гадовай палітзьняволенай жыхарцы вёскі Скробава Сьвятлане Баканавай, паведамляе «Вясна», якому стала вядома пра вырак.
Яе абвінавацілі ў паклёпе на Аляксандра Лукашэнкі паводле ч. 2 арт. 367 Крымінальнага кодэкса.
Судовы працэс вёў судзьдзя Мікалай Кміта. Сьвятлану Баканаву затрымалі 17 траўня 2023 і першапачаткова асудзілі па адміністрацыйным артыкуле 19.11 КаАП за «распаўсюд, выраб, захоўваньне, перавозку інфармацыйнай прадукцыі, якая зьмяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці або якая прапагандуе такую дзейнасьць», пасьля гэтага, 25 траўня, на яе завялі крымінальную справу за абразу Лукашэнкі.
Па матэрыялах абвінавачаньня, Баканава на сваёй старонцы ў «Аднакласьніках» нібыта «разьмясьціла публікацыю і відэазапіс з застаўкай са зьвесткамі пра Лукашэнку, спалучаныя з абвінавачваньнем яго ў зьдзяйсьненьні асабліва цяжкіх злачынстваў, такіх як „забойства“, „здрада дзяржаве“».
Суд прызначыў Сьвятлане адзін год калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Мабільны тэлефон жанчыны канфіскавалі. А ўжо 8 верасьня МУС унёс яе прозьвішча ў сьпіс «экстрэмістаў».
Берасьцеецу прасудзілі за абразу Лукашэнкі і службовых асоб Расеі 2 гады абмежаваньня волі
У судзе Маскоўскага раёна Берасьця асудзілі 20-гадовага Вадзіма Смалеўскага. Судзьдзя Марыя Аліферук абвінаваціла яго ў абразе Лукашэнкі паводле ч.1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса.
Па матэрыялах абвінавачаньня, Вадзім 2 сакавіка 2022 года, са сваёй асабістай старонцы «Укантакце» ў чаце «Малюнак свастыкі. Незалежная Украіна Група ВМС – 17» «з мэтай прычыненьня шкоды аўтарытэту дзяржаўнай улады і прэзыдэнта, разьмясьціў малюнак Лукашэнкі і службовых асоб Расеі, прыніжаючыя іх гонар і годнасьць і які зьяўляецца абразьлівым у адносінах да Лукашэнкі».