24 верасьня ў Гданьску завяршае працу прэстыжны Міжнародны кангрэс дасьледнікаў Беларусі. У ім узялі ўдзел больш за 200 адмыслоўцаў па гісторыі, філялёгіі, палітыцы, эканоміцы, філязофіі, адукацыі і іншых дысцыплінах. На кангрэсе ўручылі традыцыйныя прэміі кангрэса. Імёны пераможцаў рэдакцыі даведалася «Зеркало».
- У намінацыі «Гісторыя (манаграфіі)» пераможцам стала Тацьцяна Астроўская, «Культура і супраціў. Інтэлігенцыя, іншадумства і самвыдат у савецкай Беларусі (1968-1988)» (Беласток, 2022).
- У намінацыі гісторыя (артыкулы) – Андрэй Чарнякевіч, «Быць канфідэнтам»: штодзённае жыцьцё інфарматара польскай службы бясьпекі ў паўночна-ўсходніх ваяводзтвах ІІ Рэчы Паспалітай (1921–1939) (гэты артыкул быў апублікаваны ў часопісе «Homo Historicus» за № 202 8).
- У намінацыі «Гуманітарныя навукі (артыкулы)» пераможцам стала Алеся Серада, «Died from Debeeration: The Case of the First Belarusian Political Game» (часопіс «Studies in Eastern European Cinema» (2022, № 14).
- У намінацыі «Сацыяльна-палітычныя навукі (артыкулы)» перамог Пётр Рудкоўскі, «Is There a Demand for Autocracy in Belarusian Society?» (часопіс «Journal of Belarusian Studies» (2022, № 12).
Кангрэс праводзіўся ўжо 11-ы раз. Праца Кангрэсу вялася па 14 досьледных панэлях, якія ўключаюць усе асноўныя сацыяльныя і гуманітарныя дысцыпліны: гісторыю, міжнародныя адносіны, паліталёгію, сацыялёгію, лінгвістыку, літаратуразнаўства ды іншыя кірункі.
Міжнародны Кангрэс дасьледнікаў Беларусі ( International Congress of Belarusian Studies) – штогадовы акадэмічны і экспэртны форум дасьледнікаў Беларусі і рэгіёну Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. Заснаваны ў 2010 годзе дзеля інтэграцыі дасьледнікаў і экспэртаў у палітычнай, сацыяльнай і гуманітарнай сфэрах, спрыяньню больш глыбокаму разуменьню Беларусі ў акадэмічных і грамадзкіх асяродках краін рэгіёну і сьвету.