У Беларусі выпусьцілі падручнік па біялёгіі для шасьцікласьнікаў на беларускай мове, які зьмяшчае грубыя памылкі практычна на кожнай старонцы. Пра гэта напісала ў сацсетках маці школьніка Кацярына Варажун, а выданьне Media-Polesye разабралася, што гэта за падручнік і хто ягоныя аўтары.

«Гэта падручнік па біялёгіі за 6 кляс для школ зь беларускай мовай навучаньня! — напісала Кацярына і вылучыла няправільна напісаныя словы чырвоным.

На старонках падручніка адшукалася процьма памылак: «фарбуючы» замест «фарбавальны», «густ» замест «смак», «челавек» замест «чалавек», «прыгатаваць» замест «падрыхтаваць», «мелкія» замест «дробныя», «смоўжы» замест «смаўжы», «экскрыментамі» замест «экскрэментамі», «дзінга» замест «дынга» і г. д. У некаторых словах зьніклі літары і знакі (ін[ш]ы, Белару[с]ь), а ў іншых дадалі лішнія (шчаў’я).

Не засвоілі перакладчыкі і карэктары і правілаў яканьня і ётацыі ў беларускай мове: у адным сказе побач — «мядзьведзяняты і вавёрчаняты», хоць правільна «медзьведзяняты і ваверчаняты».

Памылка адшукалася нават на вокладцы падручніка: на ёй аўтар напісаны як Н. Д. Лісаў, але паколькі ён Мікалай, то па-беларуску мусіла б быць М. Д. Лісаў.

Кніга выйшла ў 2021 годзе ў профільным выдавецтве «Народная асьвета». Падручнік для 6-га клясы напісаны біёлягам, кандыдатам біялягічных навук Мікалаем Лісавым, які загадвае катэдрай батанікі і асноваў сельскай гаспадаркі БДПУ імя М. Танка. Але, як вядома, у Беларусі апошнім часам многія падручнікі спачатку пішуцца па-расейску, а пасьля перакладаюцца для школ, дзе яшчэ засталася беларуская мова навучаньня.

Як паведамляе Media-Polesye, адказнасьць за гэтае выданьне ляжыць, хутчэй за ўсё, на перакладчыцы Тацяне Юдчыц, а таксама на карэктарах, якіх тут ажно два — А. П. Тхір і Г. В. Алешка.

Тацяна Юдчыц цяпер выкладае ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце на факультэце геаграфіі і геаінфарматыкі. Раней яна, біёляг паводле адукацыі, была настаўніцай расейскамоўнай сярэдняй школы № 32 Менску. На парлямэнцкіх выбарах у 2016-м уваходзіла ў склад участковай камісіі. У 2018-м уладкавалася на СТБ — спэцыяльнай выпускаючай рэдактаркай навіновага аддзелу службы інфармацыйнага вяшчаньня, а ў 2020-м звольнілася адтуль. З 2021-га да 2023-га была рэдактаркай выдавецтва «Народная асьвета».