Дзеяньне новага ўказу Лукашэнкі № 278 «Аб парадку выдачы дакумэнтаў і ўчыненьня дзеяньняў» пачнецца апоўначы 7 верасьня. Выхад указу прывёў да панікі ў некаторых беларусаў, якія, у прыватнасьці, хацелі аформіць зьдзелкі зь нерухомасьцю.

Журналістка парталу Zerkalo як фізычная асоба каля 11.00 патэлефанавала ў Менскае гарадзкое агенцтва дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельнага кадастру, каб удакладніць, ці можна сёньня пасьпець аформіць зьдзелку зь нерухомасьцю па даверанасьці, аформленай за мяжой. Ёй адказалі, што ўказ ужо ўступіў у сілу, таму адмовілі.

Таксама спэцыяліст адзначыў, што зь нерухомасьцю нельга аформіць ня толькі зьдзелку па продажы, але і дароўную, гэта магчыма зрабіць толькі пры асабістым звароце або на падставе даверанасьці, аформленай на тэрыторыі Беларусі.

Праз гадзіну ўжо іншы спэцыяліст агенцтва сказаў, што ў апошні дзень зьдзелку ўсё-ткі аформіць можна, бо ўказ увойдзе ў моц толькі 7 верасьня.

Што тычыцца пераафармленьня транспарту, то ў рэгістрацыйным аддзеле ДАІ на аўтарынку «Малінаўка» паведамілі, што ад сёньня зьдзелкі па даверанасьцях, выдадзеных за мяжой, яны не афармляюць.