У судзе Ленінскага раёну Менску 19 ліпеня пачынаюць судзіць журналіста і фатографа Зьмітра Баяровіча, а таксама ягоную жонку Валерыю Баяровіч. Іх вінавацяць у арганізацыі і прадрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ўдзеле ў іх паводле ч. 1 арт 342 Крымінальнага кодэксу.

Справу разглядае судзьдзя Юлія Інчына, паведамляюць праваабаронцы «Вясны».

Палітзьняволены Зьміцер Баяровіч — пісьменьнік і журналіст. Яго затрымалі 14 сакавіка 2023 году разам з жонкай каля пад’езда іх дома. Супраць абаіх завялі крымінальную справу.

Напачатку Баяровічаў зьмясьцілі ў сьледчую турму № 8, затым перавялі ў СІЗА № 1 Менску на вуліцы Валадарскага.

Зьміцер Баяровіч працаваў на дзяржаўным тэлеканале СТВ, але ў 2020 годзе звольніўся на знак пратэсту супраць гвалту ў дачыненьні да ўдзельнікаў мірных акцый.

У 2012 годзе ў выдавецтве «Галіяфы» выйшла ягоная дэбютная кніга «Шалі».