1 год калёніі за інтэрнэт-камэнтар пра міністра ўнутарных спраў і ягонага сына

У судзе Кастрычніцкага раёна Горадні 15 траўня асудзілі Аляксандра Баравіка паводле арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады») КК, піша «Вясна»..

Судзьдзя Дзьмітры Кедаль прызначыў Аляксандру адзін год пазбаўленьня волі ў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф 50 базавых велічыняў (1850 рублёў) за абразу міністра МУС Кубракова і яго сына міліцыянта.

Аляксандр Баравік мае на ўтрыманьні непаўнагадовае дзіця. Працуе сталяром-станочнікам.

Пратэстоўца самай масавай акцыі ў Беларусі асудзілі па фота ў Instagram

У судзе Ленінскага раёна Менска 22 чэрвеня да 2.5 гадоў «хатняй хіміі» паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса («актыўны ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак») асудзілі Аляксея Чумакіна, піша «Вясна».

Мужчыну судзілі па фота на яго старонцы Instagram з Марша 16 жніўня 2020 года – самай масавай акцыі пратэсту ў гісторыі Беларусі.

Аляксея да суда ўтрымлівалі пад вартай.

На працэсе абвінавачаны распавёў, што аб плянаваных у Менску масавых мерапрыемствах 16 жніўня 2020 даведаўся з тэлеграм-канала «Nexta». Мэту правядзеньня акцыі за даўнасьцю падзей не памятае.

Мужчына расказаў, што каля 14.00 гадзін прыйшоў да стэлы «Менск-горад герой», дзе далучыўся да іншых грамадзян, якія прымалі ўдзел у масавым мерапрыемстве, а потым зь імі працягнуў рух у калёне.

Аляксей фатагарафаў акцыю, пасьля чаго фотаздымкі разьмясьціў на сваёй старонцы ў Instagram, што і стала асноўным доказам па справе.

Прысуд вынесла судзьдзя Анастасія Ачалава. Пасьля абвяшчэньня выраку Чумакіна вызвалілі ў зале суда.