Ініцыятыва «Кібэрпартызаны» заявіла, што пачала працу над атакай на Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт пасьля выхаду «пакаяльнага відэа» са студэнтам, якое зьнялі на юрыдычным факультэце БДУ.

«Спатрэбіўся час, каб укараніцца ў сетку і надзейна там замацавацца. Цяпер ад наступстваў кібэратакі БДУ не адновіцца яшчэ доўга», — заявілі ў арганізацыі.

Як сьцьвярджаюць «Кібэрпартызаны» выніку атакі яны зашыфравалі працоўныя станцыі, выпампавалі больш за 3 тэрабайты дадзеных, выдалілі базы супрацоўнікаў, студэнтаў, абітурыентаў, а таксама зачысьцілі ўсю бухгальтэрыю, хмарныя сэрвісы, пошты, файлаабменьнікі і зьнішчылі бэкапы.

Цяпер сайт bsu.by недаступны.

«Нашае пасланьне для ўсіх арганізацый і структур Беларусі: дзейнічаеце як карнікі — значыць, атрымліваеце як карнікі», — адзначылі «Кібэрпартызаны».

Таксама яны заявілі, што гатовыя адправіць адміністратарам БДУ 3 тэрабайты зьвестак, якія ў іх выпампавалі, «у абмен на вызваленьне 50 палітвязьняў».

БДУ пакуль афіцыйна не камэнтаваў інфармацыю пра імаверную кібэратаку.

  • «Кібэрпартызаны» — беларуская дэцэнтралізаваная група ананімных хакераў-актывістаў, якая зьявілася ў верасьні 2020 году. Яны атрымалі вядомасьць дзякуючы шэрагу пасьпяховых кібэратак на рэсурсы беларускіх дзяржаўных установаў і сілавых структураў, публікацыям кампрамату на прадстаўнікоў апошніх, а таксама разьмяшчэньнем у адкрытым доступе службовай і сакрэтнай інфармацыі. Група пачала дзейнасьць у адказ на дзяржаўныя рэпрэсіі супраць пратэстоўцаў. Сваю дзейнасьць яны называюць барацьбой з Аляксандрам Лукашэнкам.
  • «Кібэрпартызаны» актыўна дапамагаюць аб’яднаньню беларускіх сілавікоў ByРol у правядзеньні расьсьледаваньняў.
  • Таксама «Кібэрпартызаны» дапамагаюць палку імя Кастуся Каліноўскага ва Ўкраіне спраўджваць новых добраахвотнікаў.