У Пецярбургу ля Ўладзімірскага сабора затрымалі 34-гадовага грамадзяніна Беларусі, якога шукаюць беларускія ўлады за крытыку Аляксандра Лукашэнкі, паведамляе выданьне «Фонтанка».

Імя мужчыны не называецца. Вядома, што яго затрымалі ўвечары 6 чэрвеня і даставілі ў аддзел паліцыі.

Выданьне са спасылкай на дадзеныя сьледзтва піша, што восеньню 2021 года мужчына апублікаваў некалькі пастоў ва «УКантакце» з «нэгатыўнымі водгукамі» пра Лукашэнку. У вышук яго аб’явілі ў студзені 2022 году.

  • У лістападзе 2021 года ў Пецярбургу затрымалі і экстрадавалі ў Беларусь актывістку Яну Пінчук. Яна прасіла Расею даць ёй часовы прытулак, але атрымала адмову. 1 верасьня 2022 года Расея выдала Пінчук Беларусі.
  • У Беларусі Яну Пінчук асудзілі да 12 гадоў калёніі паводле 5 артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку паводле артыкулаў аб стварэньні або ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаваньні, закліках да дзеяньняў супраць нацыянальнай бясьпекі і распальваньні сацыяльнай варожасьці. Паводле вэрсіі сьледзтва, зь верасьня 2020 года па лістапад 2021 года Пінчук была адміністратарам трох каналаў у тэлеграме, у тым ліку «Віцебск 97%».