Эўразьвяз працягнуў канчатковае антыдэмпінгавае мыта на імпарт арматуры зь Беларусі ў памеры 10,6 працэнта яшчэ на 5 гадоў.

Хадайніцтва аб пераглядзе тэрміну дзеяньня мыта падала 16 сакавіка мінулага года Эўрапейская асацыяцыя вытворцаў сталі (Eurofer) ад імя Саюза вытворцаў арматуры (Union industry of rebars). Запыт заснавалі на тым, што заканчэньне тэрміну дзеяньня ўведзеных у 2017 годзе абмежавальных можа прывесьці да прадаўжэньня дэмпінгу і паўторнага нанясеньня ўрону прамысловасьці Зьвязу.

Адзіным вытворцам гарачакачанай арматуры ў Беларусі зьяўляецца Беларускі мэталюргічны завод (БМЗ).

У 2017 годзе Эўразьвяз увёў 5-гадовую мыту на беларускую арматуру. Беларускі мэталюргічны завод тады заявіў, што гэтае рашэньне змусіць кампанію «прыняць адпаведныя захады што да карэкціроўкі рынкаў збыту».

У 2017 годзе Міністэрства прамысловасьці і гандлю ЗША таксама заявіла, што вытворцы сталёвай катанкі (дрот дыямэтрам 5-10 мм) з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, Беларусі і Расеі наўмысна заніжаюць кошт сваёй прадукцыі ў ЗША, каб выціснуць з рынку іншых канкурэнтаў.

БМЗ ужо ня першы раз фігураваў у антыдэмпінгавых расьследаваньнях ЗША. Санкцыі супраць яго ўводзіла і Ўкраіна.