Сьцісла:

  • Захапленьне колькаснымі паказчыкамі прывяло да таго, што сыстэма дае збой нават у самых простых рэчах.
  • Усе ўцягваюцца ў гэтую гульню, лятарэю з баламі, — і бацькі, і вучні.
  • Сыстэма працуе на павышэньне плянкі для слабых вучняў і зьніжэньне плянкі для моцных.
  • Ідэалягічны кантроль становіцца галоўным працэсам у адукацыі.

— Што прадэманстраваў скандал з вынікамі цэнтралізаванага экзамэну ў Беларусі? Можна зрабіць нейкія высновы пра стан і накірунак беларускай сыстэмы адукацыі?

— Пытаньне з цэнтралізаваным тэставаньнем узьнікае кожны год. У прынцыпе, працэдура зьмяняецца ўвесь час. Гэтым разам працэдура дала збой. Захапленьне колькаснымі паказчыкамі прывяло да таго, што сыстэма дае збой нават у самых простых рэчах. Захапіліся працэдурай — забылі пра мэты.

Але я б не сказала, што мэта тут забытая. Бо асноўная мэта — уцягнуць насельніцтва ў гульню за выжываньне. А гульня гэтая — паводле правілаў, якія вызначае сам рэжым.

— Каб людзі думалі, што яны на нешта ўплываюць і нешта могуць зьмяніць?

— Так. І калі дасягаецца пік незадаволенасьці, зьяўляецца «галоўны» і выносіць сваё рашэньне, «выпраўляе» сытуацыю. Такім чынам замацоўваецца сыстэма аўтарытарызму, а грамадзянская супольнасьць нават ня можа зразумець, што ж адбылося. Людзі трапляюць у гэтую гульню, пачынаюць выказваюць сваё нэгатыўнае стаўленьне, але яно здымаецца вельмі хутка.

Рэжым мае мэтады і тэхналёгіі ўзьдзеяньня на гуманітарнае поле, на адукацыю, мае магчымасьць кіраваць гэтым усім. Галоўны пераможца ў такой гульні вядомы загадзя. Гэта называецца маніпуляцыя, гэта называецца гуманітарныя тэхналёгіі, калі адбываецца кіраваньне масавай сьвядомасьцю праз уцягваньне людзей у пэўныя працэдуры, у масавую гульню.

Людзі, аднак, пачынаюць разумець, што сыстэма бяздарная, што яна спрабуе ўсіх зраўняць, наўмысна стварае канфлікты. З аднаго боку, шмат хто атрымалі па сто балаў, а з другога — шмат добрых вучняў атрымалі менш. Таму наўмысна створана сытуацыя такой няпэўнасьці, у якой колькасна вельмі цяжка разабрацца, цяжка зразумець, чаму гэта адбылося. І ў гэтай сытуацыі выйграе той, хто прымае рашэньні, хто за гэтым, уласна, і стаіць.

Людзям даюць зразумець, што ўсе яны залежныя ад сыстэмы. І гэта такі гуманітарны тупік, на які насельніцтва ў цэлым і грамадзянская супольнасьць ня маюць адказу, што з гэтым рабіць.

— Выказваліся думкі, што гэтыя адзнакі наўмысна былі завышаныя, каб захаваць прывабнасьць беларускай вышэйшай адукацыі, каб абітурыенты выбіралі яе, а ня ехалі вучыцца за мяжу. Да таго ж многія скардзіліся, што фактычна адкрыта дазвалялася сьпісваць, і гэта таксама ўраўноўвала шанцы.

— У цэлым сыстэма працуе на падвышэньне плянкі для слабых вучняў і зьніжэньне плянкі для моцных. І на гэтым фоне ніхто не падымае пытаньне наконт рэальнай якасьці беларускай адукацыі. Пытаньне якасьці ўвесь час пераходзіць у пытаньне колькаснае, у бальную сыстэму. І прынцып беларускай сыстэмы адукацыі гэтак працуе ўжо даўно, як толькі перавялі ў дзесяцібальную сыстэму. З таго часу пытаньне якасьці, сутнасьці і зьместу адукацыі ўвогуле не падымаецца.

Усе ўцягваюцца ў гэтую гульню, лятарэю з баламі, — і бацькі, і вучні. Асабліва калі ідзе паступленьне ў ВНУ. Гэта лятарэя, дзе пытаньне якасьці ўвогуле нікога не цікавіць Гэта такое рэтушаваньне з націскам, скажам так, на першасныя патрэбы людзей — атрымаць адукацыю. Гуляюць на гэтых устаноўках і на попыце на адукацыю.

Пакуль што грамадзянская супольнасьць не разумее сутнасьць гэтай гульні і з задавальненьнем у яе ўключаецца. І толькі кажа: «А што рабіць, у нас няма іншага варыянту».

— Але ж сапраўды няма іншага варыянту. Што могуць зрабіць людзі? Не хадзіць у школу, не здаваць гэтыя экзамэны?

— Выбар ёсьць, але ва ўмовах Беларусі ён даволі сумны. Атрымліваць адукацыю за межамі Беларусі. Альтэрнатывы гэтаму зараз няма. Бо адукацыя і кар’ера ў Беларусі цяпер магчымыя толькі па вельмі адналінейнай схеме, без рэальнага выбару. Гэты шлях вядзе ўсіх па адной сьцежцы, іншага варыянту асабістай адукацыйнай траекторыі ў сёньняшняй Беларусі няма. Выбар толькі такі: альбо ўвогуле не ўваходзіць у беларускую адукацыйную сыстэму, альбо ісьці толькі па гэтай сьцежцы, без паваротаў.

— Калі спрагназаваць дзеяньні ўладаў у гэтым канфлікце вакол балаў, то што будзе далей?

— Вядома, у галоўным улады не саступяць. Пакуль улада не памяняецца, гэтая схема і гульня будуць працягвацца. Могуць мяняцца нейкія асобныя элемэнты, улады нават могуць паказаць, нібыта ідуць на нейкія саступкі, але ў цэлым сыстэма будзе пагаршацца, будзе цалкам кантралявацца.

Яны будуць перанакіроўваць плыні па розных спэцыяльнасьцях, будзе працаваць плянавы падыход у прафэсійнай адукацыі. Мала таго, будзе накладвацца мілітарызацыя, ідэалягізацыя ўсёй сыстэмы адукацыі. Бо ідэалягічны кантроль становіцца галоўным працэсам у адукацыі. Калі раней гэта было часовай зьявай, то цяпер гэта для ўлады — самае важнае.

На далікатныя тэмы
пішыце нам сюды.

БЯСЬПЕЧНА
  • Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.

    ФЭЙСБУКТВІТЭРПадпісацца