Выпускнікі школ і іхныя бацькі абурыліся заніжэньнем балаў на ЦЭ. На погляд некаторых, налічаныя балы не карэлююць з колькасьцю правільна выкананых заданьняў. Таксама ў некаторых тых, хто здаваў, адлюстроўваліся вынікі, большыя за 100 балаў — 101 і 103 балы.

У сваю чаргу, міністар адукацыі Андрэй Іванец назваў фэйкамі заявы аб несправядлівай ацэнцы ведаў, паказаных выпускнікамі школ на першым цэнтралізаваным экзамэне (ЦЭ) па расейскай (беларускай) мове, які здаваўся 14 траўня.

Сыстэма правядзеньня цэнтралізаванага іспыту і падліку балаў павінна быць звычайнай і зразумелай, сказаў Аляксандр Лукашэнка 30 траўня:

«Цэлую бучу паднялі пасля адзінага цэнтралізаванага іспыту. Розуму не хапіла зрабіць проста і зразумела, каб падлічыць гэтыя балы. Яны пачалі нейкія статыстычныя лічбы выводзіць на кампутары. Каму гэта трэба? Па-мойму, мы паступалі: ведаеш — тройка, вельмі добрае ведаеш — чацьвёрка, вельмі-вельмі добра — выдатна. А тут нейкія балы на камп’ютары вылічвалі», — адзначыў Лукашэнка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:Пасьля скаргаў Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў заявіў, што пераліку балаў ЦЭ ня будзе

Скандал з падлікам балаў

29 траўня са спасылкай на чытачоў СМІ паведамілі аб заніжэньні балаў; у некаторых выпадках было перавышэньне максымальна магчымых 100 балаў.

Гэта выклікала абурэньне школьнікаў і іхных бацькоў, якія пачалі тэлефанаваць у міністэрства і Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў (РІКВ) — асабістыя кабінэты знаходзяцца на яго сайце.

Удзень 29 траўня дырэктар РІКВ Юрый Міксюк у камэнтары дзяржаўнаму інфармагенцтву БелТА паведаміў, што скрыншоты з вынікамі, вышэйшымі за 100 балаў за тэст, або дробавымі значэньнямі зьяўляюцца фэйкавымі, аднак «тэхнічны стан сыстэмы адлюстраваньня вынікаў ЦЭ на сайце РІКВ будзе яшчэ раз правераны».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:Пасьля скаргаў Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў заявіў, што пераліку балаў ЦЭ ня будзе

«Хваля неразуменьня», сказаў дырэктар інстытуту, узьнікла пасьля параўнаньня вынікаў першасных балаў за ЦЭ са шкалой леташняга цэнтралізаванага тэставаньня, якая была заснавана на іншай статыстыцы і на іншых тэстах. «Пераліку вынікаў ЦЭ не будзе», — заявіў Міксюк.

Міністар Іванец у вячэрнім камэнтары сьцьвярджае, што кожнае паведамленьне аб зьяўленьні балаў, вышэйшых за 100, было праверана.

«Ніводнага пацьверджаньня наяўнасьці тэхнічнага збою няма. Міністэрствам адукацыі будзе адсочвацца кожны выпадак распаўсюджваньня недакладнай інфармацыі, матэрыялы будуць накіраваны для дачы ацэнкі дзеяньням распаўсюднікаў фэйкаў. Інфармацыя аб тым, што будуць перагледжаны вынікі цэнтралізаванага экзамэну, што прынята адпаведная пастанова Савету міністраў, таксама зьяўляецца поўным фэйкам», — сказаў Іванец.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:«Першыя месяцы рабіла зь імі ўсе ўрокі». Як дзеці беларускіх палітуцекачоў вучацца ў польскай школе, расказвае маці дзьвюх дачок

Ён заявіў, што выпрацаваныя з 2019 году падыходы да мэтодыкі разьліку тэставых балаў і пераводная шкала для пераводу ў 10-бальную шкалу, прынятая ў студзені гэтага года, дазваляюць аб’ектыўна правесьці ацэнку ведаў выпускнікоў.

«Пацьвярджэньнем таму зьяўляецца практычна поўнае супадзеньне гадавых адзнак у атэстаце, якія атрымліваюць нашы выпускнікі, з ацэнкамі, якія яны атрымалі на ЦЭ. Некаторыя выпускнікі і іх бацькі хвалююцца аб тым, што колькасьць тэставых балаў у іх адносна невысокая, але мэтодыка разьліку балаў была цалкам ідэнтычная леташняй. Усе знаходзяцца ў абсалютна аднолькавых справядлівых умовах», — цытуе Іванца прэс-служба Мінадукацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:«Пра атрыманьне вышэйшай адукацыі ў Беларусі гаворкі ўжо няма». Што стала з прыватнымі школамі і садкамі пад канец навучальнага году