Аповед Рэгіны Лавор надрукаваў блог «Галасы». Свабода цалкам перадрукоўвае гэты тэкст.

«Адчыняеш дзьверы — чатыры амапаўцы ўвальваюцца ў дом»

Рэгіна Лавор скончыла Беларускі ўнівэрсытэт культуры ў 1995 годзе. Працавала ў сельскім, затым раённым Доме культуры ў Іўі. У 2005 стварыла і ўзначаліла цэнтар рамёстваў. У 2009 годзе яна была стваральніцай, а пасьля ўзначаліла Музэй нацыянальных культур — першы і адзіны ў Беларусі.

Затым Рэгіна працавала ў камунальнай службе. У 2020 годзе выходзіла на пратэсты, трапіла пад перасьлед. 4 сьнежня 2020 году на Рэгіну завялі крымінальную справу за абразу мясцовых міліцыянтаў у тэлеграм-чаце. Яна атрымала «хатнюю хімію» з мноствам абмежаваньняў — нельга было выходзіць у свой двор пасьля 19:00, на вуліцу ці ў краму можна было толькі з 14 да 16 гадзін.

Міліцыя часта правярала Рэгіну, ёй запісвалі розныя парушэньні. У лютым 2022 году яна адбыла 10 дзён у ізалятары, у чэрвені 2022-га — яшчэ тры дні (за тое, што не адчыніла дзьверы АМАПу).

«Мяне правяралі і ўчастковы, і міліцыянты з РАУС, і з Дэпартамэнту аховы. У траўні пад ноч у дзьверы пагрукалі супрацоўнікі АМАП. Было цёмна, нічога не відаць, я адна дома і баялася адчыніць дзьверы немаведама каму. Я выклікала „102“, каб да мяне прыслалі нарад міліцыі. Але, як толькі выклікала, АМАП зьехаў, яны разьмінуліся. Я атрымала парушэньне і чарговыя „суткі“», — успамінае Рэгіна.

Потым да яе яшчэ некалькі разоў прыяжджаў АМАП. Рэгіна лічыць, «каб папалохаць».

«Адчыняеш дзьверы, яны ўломваюцца ў хату з такім выглядам, што маюць права. Пачынаюць чапляцца, правакаваць на размовы, хочуць у нечым падлавіць. Псыхалягічна гэта цяжка», — зазначае беларуска.

Пакараньні яна спрабавала абскардзіць у судзе, але марна.

Рэгіна Лавор

«Міліцыянт ня ведаў, хто такая рамесьніца, таму пакрыўдзіўся на мяне»

Рэгіна прыгадвае, што «больш-менш адэкватнымі» пры праверках былі супрацоўнікі Дэпартамэнту аховы. Некаторыя міліцыянты, паводле яе, былі ня надта пісьменнымі і яшчэ і крыўдзіліся.

«Прыйшоў правяраць мяне такі міліцыянт Антон Варабей. Пытаецца ў мяне, кім я працую. Я адказваю, што рамесьніцай. Ён зноў: „Дык кім вы працуеце?“. Зноў кажу, што рамесьніцай. „На зямлі працуеце, ці што?“ — так у мяне перапытаў. Дык я і не вытрымала, спыталася, ці мае ён хоць нейкую адукацыю, калі ня ведае, хто такі рамесьнік? Ён пакрыўдзіўся, затаіў злосьць і потым мне адпомсьціў», — кажа Рэгіна.

Яна расказвае, што са студзеня 2023 году праверкі пачаліся штодзённыя, па 5-6 разоў на дзень і на ноч.

«Пяць разоў маглі прыехаць нават за адзін вечар. Супрацоўнікі Дэпартамэнту аховы так і сказалі мне, што паступіў загад правяраць вас па два разы на вечар. І АМАП, і міліцыя, і ўчастковы. Выйшла так, што за сакавік я налічыла 61 праверку, бо я ўсе праверкі і тых, хто іх праводзіў, занатоўвала», — кажа жанчына.

Яна дадае, што прыехаць маглі і ў дзьве, і ў тры гадзіны ночы.

«У камэры было страшна холадна, суседзямі былі мышы і блохі»

Апроч шматлікіх праверак, Рэгіна мусіла хадзіць адзначацца ў міліцыю. Там зь ёй праводзілі «выхаваўчыя» гутаркі, паказвалі фільмы.

«Прымушалі глядзець фільм пра тое, як праца ўзьдзейнічае на асуджанага. Потым кіно пра нейкіх там тэрарыстаў. Я кажу, што давайце я вам проста падпішу паперку, што я яго праглядзела. Так і зрабілі. Вадзілі на камісію ў райвыканкам. Толькі я зусім не зразумела, для чаго было столькі зьбіраць начальнікаў, што яны ад мяне хацелі? Яны мне гуртам спрабавалі патлумачыць, што я не магу рабіць парушэньні, бо траплю ў калёнію. Сабраліся, каб мяне выхоўваць», — кажа беларуска.

У пачатку красавіка Рэгіна рыхтавалася да Вялікадня — прыбірала ў хаце, фарбавала яйкі.

«Увечары ў суботу прыяжджалі міліцыянты з праверкамі. Каля 23 гадзін прыяжджаў Дэпартамэнт аховы. Толькі леглі спаць — зноў званок сярод ночы. Акурат на вуліцы быў дождж і моцная навальніца. Муж паглядзеў — там міліцыянт. Я адчыняю дзьверы, але міліцыянт сыходзіць і кажа мне: „Да пабачэньня!“. Я ж не магла пабегчы за ім, бо ня маю права пасьля 19 выходзіць з дому! Гэта быў той самы Антон Варабей, які пакрыўдзіўся на мяне, што ня ведае, хто такія рамесьнікі. Я была абураная і на нэрвах патэлефанавала ў „102“, што адбылася такая сытуацыя, што я дома, што адчыніла дзьверы», — тлумачыць Рэгіна.

Яна кажа, што моцна расхвалявалася і прыняла заспакаяльныя лекі.

«І тут вяртаецца той Антон Варабей, гэта было зусім сярод ночы, можа, гадзіны ў дзьве, і патрабуе, каб я ехала зь ім на мэдыцынскі агляд, што, можа быць, я ўжывала алькаголь!», — кажа беларуска.

Яна дадае, што ў шпіталі ў крыві выявілі недзе каля 0,2 праміле алькаголю, што магло быць ад заспакаяльных кропляў, і напісалі, што «алькагольнае ап’яненьне» не зафіксаванае.

Але ў панядзелак да яе прыехалі начальнік РАУС, начальнік ІЧУ, участковы і інспэктар, «прымацаваны» да Рэгіны.

«Надзелі кайданкі, прычым зашчапілі ззаду, паставілі ў позу „рукі на капот, ногі на шырыню плячэй“, затым запхнулі ў машыну і павезьлі», — успамінае Рэгіна.

У міліцыі яе пачалі «выхоўваць», казалі, што яна не патрыётка, таму што выходзіла супраць улады. Рэгіну за «парушэньне» пакаралі арыштам на 10 дзён.

«Суткі» яна адбывала ў тых жа ўмовах, што «палітычныя» па ўсёй Беларусі — без матрацаў, пасьцельнай бялізны, у холадзе, з мышамі і блохамі ў камэры. «На вобшуках нават у вушы зазіралі, загадвалі язык падымаць і паказваць ім рот. Прымушалі разьдзецца дагала, прычым пад камэрамі назіраньня. Ежа была ніякай і халоднай, чытаць нельга, перадач нельга», — пералічвае Рэгіна.

Да яе ў камэру закідалі жанчыну бяз сталага месца жыхарства.

«Яшчэ і п’яную! Яна сказала, што ёй было блага і міліцыянты далі ёй шклянку каньяку. Потым яе калаціла, а я яе накрывала сваім адзеньнем, сама ж рабіла фізычныя практыкаваньні, каб сагрэцца трохі», — успамінае Рэгіна.

Рэгіна Лавор

«Начальнік ІЧУ сказаў: «Паедзеш у мэталічным вагоне ў жаночую калёнію»

Пасьля 10 сутак Рэгіна даведалася, што за «парушэньні» яна атрымала яшчэ адзін дзень арышту. Але яе чамусьці адпусьцілі, сказалі, што потым адбудзе.

«Начальнік ІЧУ ў размове паводзіў сябе, як хам, і сказаў: „Ня рохкай, скора паедзеш у мэталічным вагоне ў ПК-4“, то бок у жаночую калёнію. Яшчэ перад гэтым мяне прымушалі пісаць тлумачальную, і я напісала так: „Тройка НКВД пастанавіла Рэгіну Лавор расстраляць“. Начальнік РАУС раззлаваўся і сказаў прыкласьці гэтую тлумачальную у асабістую справу. Ён мне сказаў, што будзе суд аб замене пакараньня. Прычым у яго быў такі твар... Ня ведаю, як сказаць. У чалавека ня можа быць такі твар — без эмоцый, без жыцьця, шэры і непрыемны», — кажа Рэгіна.

Акурат у гэты час у Беларусі былі доўгія травеньскія выходныя, бо Радаўніца. Рэгіна зразумела, што пасьля сьвятаў можа адбыцца хуткі суд і замена пакараньня на калёнію. І вырашыла ўцякаць.

«Я разумела, што на ўцёкі маю літаральна 24 гадзіны»

Рэгіна расказвае, што ўцёкі былі для яе вялікім шокам, бо яна не зьбіралася нікуды выяжджаць зь Беларусі, ня думала пра гэта, не рыхтавалася.

«Я зьвярнулася ў фонд BySol. І з таго часу яны літаральна вялі мяне за руку. Я выйшла з хаты з адным заплечнікам, куды кінула шкарпэткі, майткі, яшчэ нешта, кавалак хлеба, і адправілася ў дарогу», — кажа беларуска.

Яна дадае, што праз пытаньні бясьпекі не магла ні з кім кантактаваць, нават з роднымі, і ніхто ня ведаў, куды яна падзелася.

«Я не магла прасіць дапамогі ў блізкіх людзей, каб не падстаўляць іх. Таму я проста ў адзін момант зьнікла. Мае блізкія нічога ня ведалі пра мяне тыдзень — дзе я, што я. У мяне ні з кім не было сувязі, я нікому нічога не магла гаварыць», — кажа Рэгіна.

Яна ўдзячная супрацоўнікам BySol, якія арганізавалі яе эвакуацыю, і валянтэрам, якія дапамагалі потым, у чужой краіне. 29 красавіка Рэгіна была ўжо ў бясьпецы.

«Адна са складаных рэчаў была для мяне сказаць: „Я грамадзянка Рэспублікі Беларусь, маю перасьлед у сваёй краіне з палітычных матываў, прашу абароны“. Я ж не выходзіла са зброяй супраць улады! Я выходзіла мірна, за нармальнае, вольнае жыцьцё для дзяцей і ўнукаў. Цяпер вось ёсьць толькі я і мой заплечнік», — кажа Рэгіна.

Рэгіна Лавор

«Не хачу тут абжывацца, адчуваю, што я ў камандзіроўцы»

Рэгіна кажа, што цяпер у яе пачуцьцё, што яна ў службовай выправе.

«Так і сяджу тут, у бясьпецы, з адным заплечнікам. Не хачу абжывацца, купляць нейкія рэчы. Мару вярнуцца дахаты», — кажа яна.

І цяпер Рэгіна яшчэ зьдзіўляецца паводзінам мясцовых міліцыянтаў.

«Мы ж жывём у маленькім горадзе, усе ўсіх ведаюць, ня толькі іх, але і бацькоў. Некаторыя робяць сваю „справу“, але так, хоць без абраз. Іншыя ж — і лезуць, і зьдзекуюцца, і абражаюць. І ты разумееш, што ім нічога ня будзе за гэта. Але пакараньне мусіць быць. Некаторыя мне казалі: „Але ж я вас хаця б ня біў!“. Але ж ты ішоў у суд і сьведчыў супраць мяне і лічыш, што гэта нармальна», — разважае Рэгіна.

Яна дадае, што кожны дзень думала і думае пра палітычных вязьняў у Беларусі, якія праходзяць праз рэпрэсіі.

«Тое, што адбываецца са мной — маленькая частка таго, што адбываецца з нашымі ў турме. Зь іх зьдзекуюцца, іх перасьледуюць у турмах, іхным блізкім не даюць ніякай інфармацыі», — кажа жанчына.

Лавор вырашыла спакваля вяртацца да любімай працы — вышыўкі. Ужо ёсьць швейная машынка, ніткі.

«Для мяне ўсё-такі гэта страчаны час, калі я не жыву на радзіме і не працую на яе карысьць і росквіт. Але я хачу верыць, што мы ўсе вернемся дахаты», — жадала Рэгіна.

Ёй можна дапамагчы ўладкавацца ў чужой краіне па гэтай спасылцы.

Бясьпечная сувязь
з нашай рэдакцыяй

ТУТ