Пастара з Новалукомля паўторна арыштавалі на 15 сутак

Судзьдзя суда Чашніцкага раёна Ірына Кручыніна 12 траўня разгледзела адміністрацыйную справу пастара эвангельскай царквы Новалукомля Аляксандра Зарэцкага. І за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў у сацсетках, пакарала яго арыштам на 15 сутак.

Раней, 21 красавіка, тая ж судзьдзя арыштавала пастара на той жа тэрмін па ч. 2 арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»).

Падчас судовага разьбіральніцтва судзьдзя Кручыніна выявіла, што на сваёй старонцы ў Facebook Зарэцкі разьмясьціў і захоўваў фотаздымак сябе зь дзіцем на фоне нацыянальнага беларускага сьцяга, які быў аформлены выявай лягатыпу Tut.by, а таксама публікацыю зь інтэрнэт-супольнасці Радыё Свабода.

У Менску судзяць эвангельскага верніка Віталя Прынесьліка і ягоную жонку Лізавету

У судзе Цэнтральнага раёна Менска пачаўся разгляд крымінальнай справы палітзьняволенага эвангельскага верніка Віталя Прынесьліка і ягонай жонкі Лізаветы.

Іх абвінавачваюць у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак паводле ч. 1 арт. 342 КК.

Віталя затрымалі разам з жонкай у канцы лютага 2023 года. Жонку адпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе, яго пакінулі пад вартай. Справу разглядае судзьдзя Вікторыя Шабуня.

Сужэнцы зьяўляюцца парафіянамі царквы «Слова жыцьця». Лізавета — вядомая інстаграм-блогерка, у яе больш за 50 тысяч падпісантаў.