29 траўня на паседжаньні гарадзкой рады Беластоку адзінагалосна пастанавілі назваць адзін з гарадзкіх скваэраў сквэр у гонар Вольнай Беларусі, паведамляе «Белсат». Беларускае пытаньне на разглядзе рады стаяла першым і атрымала станоўчае рашэнне, ніхто не выступіў супраць.

Сквэр паўстане на вуліцы Электрычнай побач з консульствам Беларусі ў Беластоку. Гэтак мясцовыя ўлады выйшлі са складанай сытуацыі, да якой прывяло рашэньне, прынятае на гарадзкой радзе ў верасьні 2022 года. Частка вуліцы Электрычнай, дзе каля 20 гадоў месьціцца консульства Рэспублікі Беларусь, ад вуліцы Варшаўскай да вуліцы Яна Клемэнса Браніцкага атрымала назву Вольная Беларусь.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:Пасьля таго, як Вярхоўны суд пакінуў у сіле прысуд Пачобуту, Польшча ўвяла дадатковыя санкцыі супраць афіцыйнага Менску

Але, як аказалася, папярэдняй кансультацыйнай працы з жыхарамі вуліцы не правялі, што ўрэшце нэгатыўна ўспрынялі апошнія. І яны пачалі зьбіраць подпісы за вяртаньне ранейшай назвы. Беларуская дыяспара спрабавала пераканаць жыхароў не супраціўляцца новай назве, але марна. Жыхары вуліцы Электрычнай падалі ў суд і выйгралі яго: Ваяводскі адміністратыўны суд у пачатку сакавіка 2023 года прызнаў рашэньне гарадзкой рады неправамоцным. Кіраўніцтва Беластоку абяцала выйсьці з гэтай сытуацыі, і закладаньне сквэру — цалкам прэрагатыва мясцовай улады:

«Гэта найлепшае выйсьце ў гэтай сытуацыі, якое і так, безумоўна, будзе раздражняць рэжым Лукашэнкі», — напісаў у сваіх сацыяльных сетках намесьнік прэзыдэнта Беластоку Рафал Рудніцкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:Старшыня кіроўнай партыі Польшчы: «Плот на мяжы дазволіў спыніць наступ Лукашэнкі і Пуціна на Польшчу»

У Беластоку — вялікая і моцная беларуская дыяспара, у горадзе жывуць 10 000 беларусаў:

«З 2020 года гарадзкія ўлады Беластоку заўжды выказваюць салідарнасьць з беларусамі. Шмат разоў на знак салідарнасьці вывешваліся нацыянальныя сьцягі на ратушы і гасьцявым палацы Браніцкіх, адбылося шмат супольных маршаў і мітынгаў супраць расейскай агрэсіі ва Ўкраіне і супраць дыктатуры рэжыму Лукашэнкі.

Мы выказваем вялікую падзяку гарадзкім уладам Беластоку за іх ініцыятыву зьяўлення сквэру Вольнай Беларусі. Гэтае рашэньне вельмі важнае для тысячы беларусаў, вымушаных сёньня заставацца за мяжою, ратуючыся ад перасьледу рэжыму Лукашэнкі», — сказаў адзін з лідэраў беларускай дыяспары Беластоку Ян Абадоўскі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:Польшча мае намер забараніць рух празь мяжу грузавікоў зь беларускімі і расейскімі нумарамі