Першы плэйліст трэкаў ад беларускіх палітзьняволеных «Сяброўства, годнасьць і любоў» зьявіўся на плятформе YouTube. Гэтыя трэкі палітвязьні стварылі, калі яшчэ былі на свабодзе.

На сёньняшні дзень у Беларусі налічваецца больш за 1500 палітвязьняў, сотні зафіксаваных выпадкаў катаваньня і няспынных рэпрэсіяў супраць усіх пластоў грамадзтва, уключна культуры.

У плэйлісьце KlopatBY сабраў музыку, створанную палітзьняволенымі — тымі, хто зараз за кратамі і тымі хто адбыў сваё «пакараньне»:

«Гэтая музыка розная, нязвыклая, кранае душу, нават калі ты ніколі ня слухаў флейту ці панк-рок.

Гэта галасы тых, хто доўгі час не маглі граць гучна і свабодна. Але нам не ўсё адно, мы чуем іх і зараз! І няхай яны пра гэта даведаюцца», падкрэсьліваюць стваральнікі плэйліста.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:«Ня маю тлумачэньня, чаму мяне не забралі». Інтэрвію зь Пітам Паўлавым пра пратэсты, музыку і пераезд у Польшчу

Культура цярпіць ад рэпрэсій

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году рэпрэсіі моцна закранулі сфэру культуры ў Беларусі. Улады зьліквідавалі шматлікія культурныя ўстановы, шмат прадстаўнікоў творчай сфэры сёньня за кратамі.

Днямі ў публічнай прасторы зьявіўся «стоп-ліст» абсалютна розных выканаўцаў — па стылі, мове песень і краіне паходжаньня, піша BY_culture. У яго трапілі, сярод іншых, Іна Афанасьева, Шэр, «Ляпіс Трубяцкі», гурт «Нэрвы», «Нэўра Дзюбель», «Крамбамбуля», Lady Gaga, Макс Корж, Ларыса Грыбалёва і яшчэ каля 80 выканаўцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:Ад арыштаў да прызнаньня «экстрэмісцкім фармаваньнем». Як у Беларусі ўзмацнілі рэпрэсіі супраць музыкаў

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:Бяз грантаў і офісу на Мангэтане. Як беларусы замежжа папулярызавалі сваю культуру за паўвека да YouTube і TikTok