Падставай для затрыманьня стала навуковая публікацыя

Судзьдзя Кастрычніцкага раёну Магілёва Аксана Зарычнюк прызнала навукоўца вінаватым у паклёпе на Аляксандра Лукашэнку. Таксама сацыёляга вінавацілі ў абразе Лукашэнкі, але гэтае абвінавачаньне зьнялі ў сувязі з тэрмінам даўнасьці.

Падставай для затрыманьня і крымінальнай справы стала навуковая публікацыя прафэсара аб падзеях 2020 году ў Беларусі. Тры гады таму прафэсар апублікаваў артыкул «Предпосылки белорусского протеста в 2020 году» ў навуковым альманаху «Молодежная галактика».

У навуковай публікацыі, срод іншага, навуковец пісаў, што беларусаў, якія пратэставалі ў 2020 годзе, аб’яднаў ня «нейкі лялькавод ці рэвалюцыянэр-харызматык, а Аляксандар Лукашэнка».

«Я выконваў прафэсійны абавязак сацыёляга. Сацыялёгію часта асацыююць зь люстэркам. А люстэрка павінна адлюстроўваць аб’ектыўную рэальнасьць, а не скажаць яе. Як сацыёляг я заўсёды намагаўся непрадузята адлюстроўваць тое, што адбываецца ў грамадзтве. У гэтым артыкуле — не маё меркаваньне. Я не баюся выказаць сваё. У гэтым артыкуле выказана грамадзкая думка. Мяне абвінавачваюць у паклёпе? Але ў крымінальнай справе не прыведзена ніводнага факту выдумак», — заявіў у апошнім слове прафэсар.

Знаёмы Юрыя Бубнова Ўладзімер Шанцаў, які цяпер выконвае абавязкі старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі, характарызуе яго як «грамадзка актыўнага чалавека», які ня меў дачыненьня да таго, што «дзяржава лічыць экстрэмізмам», а глядзеў на сытуацыю з пункту гледжаньня навукі.

«Гэта надзвычай інтэлігентны чалавек, які глядзеў на сытуацыю з пункту гледжаньня навукі, з пункту гледжаньня дасьледаваньняў. Прызнаць чалавека вінаватым у тым, што ён напісаў праўду, — гэта абсурд. Ён актыўны чалавек, доктар навук, ягоны ўдзел у грамадзкім жыцьці быў заўважны», — кажа Ўладзімер Шанцаў.

Кіраўнік катэдры, арганізатар актыўнасьцяў

Прафэсар Юры Бубноў узначальваў катэдру гуманітарных дысцыплін Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту харчовых і хімічных тэхналёгій з 1997 году. У 1996 годзе Юры Бубноў стаў доктарам навук. Ён нарадзіўся ў Расеі, у вёсцы Мокшыцы Цьвярской вобласьці, скончыў Ленінградзкі дзяржаўны ўнівэрсытэт, з 1990 году працаваў у Магілёўскім тэхналягічным інстытуце.

Юры Бубноў займаўся дасьледаваньнямі ў галіне сацыялёгіі сямʼі, гендэрнай сацыялёгіі, праблемамі дэвіянтных паводзінаў.

Таксама Юры Бубноў — адзін са стваральнікаў Цэнтру гарадзкіх ініцыятыў, які ўтварыўся ў Магілёве ў 2013 годзе. Гэты цэнтар займаўся гарадзкімі актыўнасьцямі, такімі як стрыт-арт, экспэртны клюб, а таксама арганізоўваў «Дранік-фэст» — фэстываль ежы і музыкі, які праходзіў у Зялёнай Рошчы пад Магілёвам з 2014 году.

Таксама ён быў адным з ініцыятараў кампаніі «Падвязу задарма», калі людзі на сваіх машынах бралі папутчыкаў. Пра гэта расказаў адзін са знаёмых Юрыя Бубнова.

«Ён вельмі лёгкі на пад’ём, калі гаворка заходзіла пра нейкую грамадзка важную, карысную справу. Ён адразу выклікае пазытыўнае стаўленьне. Калі ўжо сілавікі дацягнуліся да такіх, як Бубноў, то ў гэтай дзяржаве ўсё дрэнна, бо ён чалавек сумленьня. Мы пазнаёміліся ў 2011–2012 гадах. Тады ў Магілёве пачынала дзейнасьць ініцыятыва „Грамадзкі Магістрат“, адным з элемэнтаў дзейнасьці былі сацыялягічныя дасьледаваньні па розных кірунках. Тады Юры прафэсійна займаўся гэтай справай. Гэта былі выключна грамадзка-карысныя пытаньні. Напрыклад, праблема „хрушчовак“ ды іншае», — расказаў знаёмы навукоўца.

У сваіх навуковых публікацыях Юры Бубноў падымаў розныя праблемы грамадзтва, напрыклад, «Сацыяльная ацэнка працы райвыканкамаў Магілёўскай вобласьці», «Карупцыя ў сацыялягічным ракурсе», «Сацыялёгія полавых адрозьненьняў і шлюбнай сумяшчальнасьці».