Па словах Сьвятланы Ціханоўскай, нядаўна ёй напісаў бацька ліцэіста. Ён распавёў, што дзяцей з фізмата заклікаюць у «патрыятычныя» клясы. Іх завабліваюць туды вялікай колькасьцю фізкультуры, бясплатным басэйнам, абяцаюць палёгкі пры паступленьні і распавядаюць, як гэта выдатна — быць патрыётам.

«Вось толькі ў іх патрыятызме паняцьце „Радзіма“ падмяняюць на „Лукашэнку“. І калі бацькі своечасова не ўмяшаюцца, зь дзяцей зробяць будучых прапагандыстаў і сілавікоў», — сказала Ціханоўская.

Яна зазначыла, «ніхто, апроч нас, не зможа абараніць нашых дзяцей».

«Бацькі могуць не пускаць дзяцей на ідэалягічныя ўрокі, экскурсіі і мерапрыемствы, асабліва ў выходныя дні. А настаўнікі могуць адмаўляцца праводзіць такія мерапрыемствы ці негалосна сабатаваць іх. Нашыя дзеці павінны вучыцца ў школе, свабоднай ад прапаганды. Мы хочам, каб нашыя дзеці вучыліся ў лепшых ВНУ Беларусі і Эўропы, а не ішлі ў ваеннае вучылішча. У нашых сілах супрацьстаяць гэтаму, таму што толькі ад нас залежыць лёс нашых дзяцей», — заявіла Сьвятлана Ціханоўская.