Ад моманту гібелі Мікіты Крыўцова прайшло амаль тры гады. Сям’я дагэтуль ня ведае, калі ён памёр. Ніхто з блізкіх ня бачыў цела мужчыны пасьля сьмерці. Бацькам забаранілі адчыняць труну пад пагрозай крымінальнай справы. Прычынай сьмерці назвалі суіцыд, вінаватых не знайшлі. У Сьледчым камітэце блізкім аддалі намочаны пашпарт Мікіты і даляры быццам бы з кроплямі крыві.

«Калі вы адчыніце труну, то пагражае крыміналка»

Амаль за тры гады сям’я мала што даведалася пра абставіны гібелі Мікіты.

«Ніхто нічога. Усё ціха-глуха», — кажа маці.

Мікіта Крыўцоў, архіўнае фота

Сваякі дагэтуль ня ведаюць, калі загінуў родны чалавек. На месцы пахаваньня значыцца дата 12 жніўня — дзень, калі Мікіта перастаў выходзіць на сувязь. А ў пасьведчаньні аб сьмерці — 22 жніўня, дзень, калі знайшлі цела Мікіты. У мэдыцынскіх дакумэнтах аб сьмерці прычынай пазначаная «асфіксія».

«Мы проста параіліся зь сям’ёй і вырашылі, раз у гэты дзень ён прапаў, будзем лічыць, што тады ён і загінуў. Я спрабавала даведацца дату сьмерці. „Вы хоць прыблізна па экспэртызе мне скажыце“. Не, нічога», — расказвае спадарыня Анжаліка.

Маці расказала, што цела сына ім так і не дазволілі апазнаць непасрэдна. Бацьку Мікіты паказалі фатаграфіі трупа, у тым ліку дзе відаць ягоныя тату.

«Былому майму мужу, бацьку Мікіты сказалі: „Калі вы адчыніце гэтую труну і будзеце глядзець, то [пагражае] аж да крымінальнай адказнасьці“», — пераказвае маці.

Анжаліка Кухто

Сваякі не маглі забраць цела тры дні. Яго выдалі ў чорным пакеце. Прывезьлі яго зь Менску ў Маладэчна. У пахавальным доме зь ім у зачыненай труне можна было разьвітацца цягам пары гадзінаў. Дома цела Мікіты не пабывала.

Мэдаль Ордэну Пагоні, прызначаны Радай БНР Мікіту Крыўцову

Чаму ўсё ж бацькі не адкрылі пакет і не паглядзелі, ці сапраўды гэта іхны сын і якія пашкоджаньні засталіся на целе?

Анжаліка кажа, што ім не дазволілі б гэтага зрабіць. Яна думае, што супрацоўнікаў дому разьвітаньня таксама папярэдзілі, што нельга дапусьціць, каб труну адчынілі. Да таго ж знаёмыя расказалі бацькам, што на пахаваньні прысутнічала шмат сілавікоў і кадэбістаў у цывільным: і ў залі, і на могілках, і каля рэстарацыі, дзе былі памінкі.

На пахаванні Мікіты Крыўцова, 25 жніўня 2020 году, архіўнае фота

Аднак маці верыць, што яны пахавалі менавіта свайго сына, а не чужога чалавека, бо ў апісаньні тату на целе ў дакумэнтах убачыла адну адметную: чырвоная матрошка зь імем «Вара» унутры, так завуць дачку Крыўцова. Сьледчым яна сама не казала пра такую адметнасьць сына.

Загінулага адпяваў праваслаўны сьвятар з Маладэчна, нягледзячы на тое, што сьвятары могуць адмовіць у малітве за «суіцыдніка». Дазволу на гэта сям’я прасіла ў Менску ў мітрапаліта Паўла.

Мікіта Крыўцоў, архіўнае фота

«На Мікітаву фатаграфію паказалі і сказалі, што яму канец»

Апошні раз Анжаліка размаўляла з сынам увечары 9 жніўня. Яна чула нейкія гукі на фоне. Але Мікіта сказаў, што ён зь сябрамі сядзіць у кавярні. Насамрэч ён тады быў на акцыі пратэсту ў Маладэчне.

«Ён, відаць, не хацеў мяне засмучаць. Ён сказаў: „Мамачка, не хвалюйся!“», — успамінае Анжаліка.

Ужо пасьля сьмерці Мікіты да Анжалікі падышоў незнаёмы хлопец са словамі: «Я не магу маўчаць. Я быў у адзін з апошніх дзён зь Мікітам».

«Яны былі ў нейкай спартовай залі, іх білі, іх было трое. Яго і яшчэ аднаго хлопца забралі і павезьлі на Акрэсьціна. Потым мне сказалі, што яго пацягнулі за рукі і зламалі шыю», — маці расказвае вэрсію, якую больш ніхто не пацьвердзіў, а сам сьведка адмовіўся паўтараць яе пазьней публічна.

Да таго ж Анжаліцы празь нейкі час пасьля сьмерці Мікіты маладачанскія хлопцы, якіх затрымлівалі ў першыя дні пратэстаў, расказалі адну дэталь.

«Там (у аддзеле міліцыі. — РС) была нейкая агульная фатаграфія. На Мікітава фота паказалі і сказалі, што яму канец», — пераказвае словы хлопцаў суразмоўца.

Больш не было сьведак, якія б расказалі бацькам, што адбывалася зь Мікітам перад сьмерцю, у тым ліку ці яго затрымлівалі.

Мікіта Крыўцоў, архіўнае фота

«Пашпарт выглядаў, быццам ён пабыў у пральнай машыне»

Празь 7 месяцаў пасьля сьмерці Мікіты сьледчыя скончылі праверку па факце ягонай сьмерці. Анжаліку выклікалі ў СК, каб яна падпісала адпаведныя дакумэнты. Маці не дазволілі азнаёміцца з матэрыяламі праверкі.

«Можа, там нешта ёсьць, у гэтай справе? Я не разумею, чаму мне не дазволілі», — кажа Анжаліка.

Маці аддалі ня ўсе рэчы сына, якія былі пры ім на момант сьмерці.

«Мне аддалі толькі дробязь. Пашпарт выглядаў, быццам ён пабыў у пральнай машыне. Сказалі, што гэта экспэртыза. Проста сьмешна. Я кажу: „Дык аддайце мне нацельныя рэчы“. — „Мы ня можам. Яно павінна захоўвацца ў Сьледчым камітэце. Раптам нешта ўсплыве“. Кажу: „Але што можа ўсплыць, калі вы крычыце на ўвесь сьвет, што гэта суіцыд?“», — успамінае гутарку маці.

Пашпарт выглядаў так, быццам яго намачылі: лісты паскручваліся, пячаткі і запісы пазмываліся.

«Аддалі дэзадарант ягоны. Даляраў некалькі аддалі па „адзіначках“. Такое адчуваньне, што кроплі крыві на іх. Каляндарыкі, мэдыкамэнты, што было ў торбе. Яму зуб балеў, то анальгін, цытрамон. Стыкеры футбольныя. Ніякіх значных рэчаў больш не аддалі. Нават торбу не аддалі. Тэлефон не аддалі. Аддалі чахол, але ён не ад Мікітавага тэлефона», — кажа маці.

Са словаў чалавека, які першым знайшоў цела Мікіты, у яго на пальцы быў шлюбны пярсьцёнак. Аднак Анжаліка кажа, што сын не насіў пярсьцёнка, бо яму было нязручна зь ім. У рэчах сына, якія ёй аддавалі, пярсьцёнка не было.

Мікіта Крыўцоў з дачкой Варварай, архіўнае фота

«Ён там вісеў тры дні, за мэтар ад сьцежкі, і яго ня бачылі?

Маці думае, што Мікіту затрымалі, калі ён ішоў на электрычку, каб ехаць на працу, 12 жніўня.

У Анжалікі застаецца шэраг пытаньняў да несупадзеньняў у справе сына.

Яе бянтэжыць месца, дзе знайшлі Мікіту.

«Калі б ён вырашыў нешта з сабой зрабіць, навошта яму было рабіць такі крук? Ён выйшаў з дому рана, у яго дома ў Жодзіне ёсьць лес побач. Трэба было невядома куды ісьці, у лес, дзе людзі ходзяць, з сабакамі гуляюць? Ён там нібыта вісеў тры дні, за мэтар ад сьцежкі, і яго ня бачылі?», — разважае маці.

Побач зь целам знайшлі чахол тэлефона, які не належаў Мікіту.

«Там усё было прыбрана. Калі б Мікіта вырашыў нешта з сабой зрабіць, ён бы скурыў неймаверна шмат цыгарэт!» — працягвае разважаць маці.

Анжаліка Кухта

Пошукавы атрад «Анёл», які шукаў Крыўцова, спачатку заявіў, што на целе Мікіты ёсьць пашкоджаньні, але неўзабаве прыбраў гэты факт з публікацыі. Сьледчы камітэт спачатку казаў, што сьлядоў гвалтоўнай сьмерці няма. Потым сьледчыя сказалі, што на нагах Мікіты выявілі гематомы.

«Быццам ён біўся ў апошніх, перадсьмяротных канвульсіях аб дрэва. Як? Я не разумею», — кажа маці.

У ноч перад 12 жніўня Мікіта зь сябрамі выпіваў, расказалі маці сябры хлопца. Аднак экспэртыза не паказала алькаголю ў крыві.

Мікіта не папярэдзіў калегу, што ня прыйдзе на працу. Маці перакананая, што ён ня мог так зрабіць па сваёй волі, бо быў адказным чалавекам.

«Я пра ўсе гэтыя несупадзеньні гаварыла падчас расьсьледаваньня. Хто мяне слухаў? Сьледчых зьмянялі, кожны раз нехта новы. Адной са сьледчых я сказала фразу: „Пры ўсім жаданьні, калі б вы і хацелі нам дапамагчы, вам жа не дадуць гэтага зрабіць“. Яна міргнула мне ў адказ», — успамінае Анжаліка.

Мікіта Крыўцоў з дачкой Варварай, архіўнае фота

«Я проста яго чакаю»

Анжаліка выехала зь Беларусі амаль год таму. У яе дома праходзілі вобшукі ў сувязі зь дзейнасьцю малодшага сына Паўла Кухто, які кіруе Цэнтрам дапамогі беларускім добраахвотнікам у Варшаве. Ягонага бацьку, які жыве ў Беларусі, прымусілі запісаць відэа, дзе той кажа, які ў яго кепскі сын.

Кіраўнік Цэнтру дапамогі беларускім добраахвотнікам у Варшаве Павал Кухто і Прадстаўнік Офісу Сьвятланы Ціханоўскай і Аб’яднанага пераходнага кабінету Валер Кавалеўскі. 2022

У Польшчы Анжаліка працуе ў школе, выдае дзецям абеды. Яна кухар з прафэсіі.

Удава Мікіты Алена з дачкой Варварай таксама выехалі зь Беларусі. Дзяўчынцы нядаўна споўнілася 7 гадоў.

«Варвара ведае, што ейны тата герой. Яна памятае яго. Але мы стараемся не падымаць гэтую тэму. Яна тады не зразумела, была яшчэ маленькая. Цяпер яна пачала разумець: „Дык, значыць, я тату больш ніколі ня ўбачу?“. Можа, ёй раней здавалася, што ён проста паехаў куды», — кажа суразмоўца.

Мікіта Крыўцоў з жонкай Аленай і дачкой Варварай, архіўнае фота

Даглядаць месца пахаваньня Мікіты ў Маладэчне ёсьць каму. Гэта сваякі і сябры. Кветкі на магілу Мікіты прыносяць і іншыя людзі.

«У Маладэчне ва ўсіх быў проста шок. Там было столькі людзей на пахаваньні! Нават школьнікі прасілі настаўнікаў, каб іх на пахаваньне Мікіты звадзілі. Ён быў мэдыйнай асобай у сфэры футболу. З розных гарадоў папрыяжджалі з футбольных клюбаў, і проста людзі», — успамінае маці пахаваньне.

Гульцы ФК «Маладэчна» у футболках з выявамі загінулага Мікіты Крыўцова, жнівень 2020 году

Цяпер Анжаліцы дадае сілаў жыць унучка, а таксама спроба ня думаць, што сын памёр.

«Штодня я сябе супакойваю думкай, што ён не памёр: я ж яго ня бачыла ў труне! Я яго проста чакаю. Я прымушаю сябе думаць, што Мікіта зьехаў, жывы, і некалькі прыедзе. Стараюся ня думаць, што яго няма больш», — кажа маці.

«Ягоная сьмерць не прайшла незаўважанай»

21 траўня маці Мікіты Анжаліка Кухто атрымала ўзнагароду сына. Мэдаль Ордэну Пагоні з подпісам старшыні БНР Івонкі Сурвілы далі Мікіту «на знак прызнаньня заслуг на ніве змаганьня за волю Беларусі». Гэта першая ўзнагарода Мікіту.

Маці адзначыла, што для яе гэта важная ўзнагарода, бо яна не чакала, што Мікіту адзначаць, што ягоная дзейнасьць не застанецца бясьсьледнай.

«Безумоўна, важна, што ягоная сьмерць не прайшла незаўважанай, што людзі прынялі ягоны ўчынак, калі ён выйшаў са сьцягам, як геройства, што ён не пабаяўся ні АМАПу, нічога. Натуральна, ён не падумаў пра наступствы, што нашыя ўлады пачнуць рабіць такія страшныя справы, забіваць людзей. Ён хацеў данесьці гэтым людзям у форме, што яны хочуць свабоды, сумленных выбараў», — сказала Свабодзе Анжаліка.

Маці Мікіты Крыўцова Анжаліка Кухто атрымлівае ад Яўгена Вапы мэдаль Ордэна Пагоні, прызначаны Радай БНР яе сыну Мікіту. Варшава, 21 траўня 2023

Што вядома пра апошнія дні Мікіты Крыўцова

  • 9 жніўня 2020 году Мікіта выйшаў на пратэст супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў у Маладэчне. Ён адзін зь першых на плошчы разгарнуў бел-чырвона-белы сьцяг і падышоў зь ім да шэрагу экіпаваных сілавікоў. Захавалася відэа .
  • 10 жніўня Мікіта браў удзел у акцыях пратэсту ў Менску. Уцёк ад сілавікоў і вяртаўся ў Жодзіна. Размаўляў зь сябрамі пра тое, каб «залегчы на дно», каб яго не затрымалі за ўдзел у пратэстах.
  • 11 жніўня хлопец выходзіў на сувязь праз тэлефон.
  • 12 жніўня Мікіта мусіў замяніць калегу. Ранкам ён выехаў у вёску Каралёў Стан пад Менскам на працу. Паводле аднаго з маладачанскіх сяброў, Мікіта ўзяў з сабой рэчы, якія могуць прыдацца цягам некалькіх дзён. Да працы ён не даехаў. У гэты дзень ён перастаў адказваць на тэлефанаваньні. Апошні раз тэлефон Крыўцова, са словаў жонкі, быў уключаны 12 жніўня ў раёне РНПЦ нэўралёгіі і нэўрахірургіі ў Менску, паблізу вуліцы Парніковай. З 12 жніўня ён лічыўся зьніклым бязь вестак.
  • 13 жніўня. Ужо пасьля сьмерці Мікіты незнаёмы хлопец расказаў маці Крыўцова, што 13 жніўня бачыў Мікіту жывым, але з разьбітым тварам на МКАД у Менску. Той нібыта прасіў перадаць маці, што зь ім усё нармальна, але днём раней яго схапілі невядомыя, трымалі ў спартовай залі, білі і выкінулі на наступны дзень на дарозе. Пазьней гэты хлопец адмаўляўся паўтарыць свае словы публічна, казаў, што баіцца.

Меркавана павешаны Мікіта Крыўцоў, фота Нашай нівы
  • 22 жніўня цела Мікіты знайшлі павешаным у лесапарку ў раёне Парніковай вуліцы ў Менску. Вартаўнік садовага таварыства першым убачыў труп і зрабіў фота. На здымку нябожчык стаіць нагамі на зямлі каля дрэва. На момант сьмерці Мікіту было 28 гадоў.
  • 23 жніўня Сьледчы камітэт заявіў, што сьлядоў гвалтоўнай сьмерці на целе Крыўцова не было. Паводле іхняй папярэдняй вэрсіі, мужчыну не забілі. Сьледчыя запэўнівалі, што Крыўцоў ня браў удзелу ў пратэстах, яго не затрымлівалі. У ведамстве акцэнтавалі ўвагу на тым, што Мікіта плянаваў разводзіцца з жонкай.
  • 25 жніўня цела ў чорным закрытым пакеце аддалі блізкім. Нікога са сваякоў не дапусьцілі да апазнаньня трупа. У той жа дзень Мікіту пахавалі ў Маладэчне пад бел-чырвона-белым сьцягам. На пахаваньне прыйшлі сотні людзей.
  • 17 сакавіка 2021 году. Празь 7 месяцаў Сьледчы камітэт скончыў праверку па факце сьмерці Крыўцова. Вінаватых у сьмерці мужчыны не знайшлі. Крымінальнай справы не заводзілі. Большасьць рэчаў Мікіты сям’і не аддалі.

Мікіта Крыўцоў нарадзіўся ў Вілейцы. Жыў у Маладэчне. Быў футбольным фанатам. Калі ажаніўся, пераехаў да жонкі ў Жодзіна. Сям'я гадавала дачку Варвару. Мікіта браў удзел у жнівеньскіх пратэстах 2020 году. Неўзабаве загінуў. Яму было 28 гадоў.

Бясьпечная сувязь
з нашай рэдакцыяй

ТУТ