Мастакі зь Беларусі, Казахстану, Кіргізстану, Малдовы і Ўкраіны прадставілі ўласнае асэнсаваньне працэсаў, якія адбываюцца ў іх краінах у выніку экспансіянісцкай палітыкі Расеі.

Выстава мае назоў «Белы сьцяг» — паводле назвы зробленай беларускай мастачкай Руфінай Базлавай выявы штандару прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі на белым фоне, што можа ўспрымацца як капітуляцыя імпэрыі.

Постэр выставы «Белы сьцяг»

Аднак, пакуль капітуляцыя не адбылася, і найбольшая экспазыцыя выставы прысьвечаная менавіта беларускім палітычным вязьням. Партрэты Алеся Бяляцкага, Міколы Статкевіча, Алеся Пушкіна і іншых палітвязьняў, зробленыя мастачкай, разьмясьцілі на пляншэтах (наведнікі могуць прагартаць інфармацыю). Кожнаму палітвязьню прысьвечаная вышыўка паводле эскізу Руфіны Базлавай.

Выстава «Белы сьцяг» у Празе

Нядаўна Руфіна Базлава прэзэнтавала строі, на якіх былі вышытыя імёны ўсіх беларускіх палітвязьняў, а таксама тых, хто загінуў у змаганьні за свабоду падчас пратэстаў 2020 году і пазьней. Летась прэзыдэнт Украіны Ўладзімер Зяленскі выступаў са зваротам да народу ў «вышыванцы» колеру хакі з арнамэнтам ад Руфіны Базлавай.

Выставу арганізаваў праскі Цэнтар грамадзянскай супольнасьці, яна экспануецца па адрасе Прага, Hybernská 4.

  • Сяргей Навумчык

    Журналіст Радыё Свабода

    navumchyks@rferl.org

    Падпісацца