Затрыманьне ў Горках
У Горках Магілёўскай вобласьці затрымалі аднаго зь вядомых мясцовых барбэраў, Паўла Шакоўскага, паведамляе «Наша Ніва». Увагу сілавікоў прыцягнулі бел-чырвона-белыя татуіроўкі Паўла і пакінутыя ім камэнтары ў сацсетках.
На відэа, запісаным сілавікамі, Шакоўскі сядзіць са схаванымі за сьпінаю рукамі. Яго вінавацяць ва ўдзеле ў мітынгах і «зьняважлівых камэнтарах» на адрас міліцыі і Лукашэнкі. Таксама сілавікі змусілі зьняволенага распрануцца.
Калі Паўла Шакоўскага затрымалі і што яму інкрымінуюць, невядома. У Горках Паўла Шакоўскага лічаць адным з найлепшых цырульнікаў.
Бацьку і дачку пакаралі «хатняй хіміяй» за ўдзел у акцыі пратэсту ў 2020 годзе
У судзе Савецкага раёна Менска асудзілі 60-гадовага Юрыя Машка і ягоную 24-гадовую дачку Валерыю Машок. Іх абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парак, альбо актыўным удзеле ў іх (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса).
Справу разглядаў Аляксандар Якунчыхін, паведамляюць праваабаронцы.
Юрыя і Валерыю Машок 27 красавіка ўнесьоі ў сьпіс Асоб, датычных да экстрэмісцкай дзейнасьці. Суд прызнаў іх вінаватымі і пакараў абмежаваньнем волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін два гады кожнага («хатняй хіміяй»).
Меру стрыманьня ім зьмянілі на падпіску аб нявыезьдзе.