З 1 сьнежня беларускія ВНУ павысілі плату за навучаньне. Падаражаньне склала да 17% у некаторых спэцыяльнасьцях. Напрыклад, цяпер год навучаньня на спэцыяльнасьці «стаматалёгія» ў Беларускім дзяржаўным мэдычным унівэрсытэце каштуе 6060 рублёў на год, было 5182 рублі. Гэта найдаражэйшая спэцыяльнасьць у беларускіх унівэрсытэтах.

Вырасла плата за навучаньне і ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце інфарматыкі і радыёэлектронікі. Ідзецца пра факультэт кампутарных сыстэмаў і сетак, факультэт інфармацыйных тэхналёгіяў і кіраваньня, інжынэрна-эканамічны факультэт. Падаражаньне склала 770 рублёў: з 4590 да 5360 на год. Некаторыя ВНУ пакуль не апублікавалі новых расцэнак.

Чым тлумачаць падаражаньне

Рэктар БДУІР Вадзім Богуш тлумачыць рост платы за навучаньне двума фактарамі: неабходнасьць павысіць заробкі выкладчыкам, павышэньне цэнаў на камунальныя паслугі.

«Рост плянавага фонду аплаты працы на 1 верасьня 2023 году ў параўнаньні з 1 верасьня 2022 году склаў 14,2%. З студзеня 2024 году памер базавай стаўкі для аплаты працы ў бюджэтнай сфэры складзе 250 рублёў (рост на 6,4% у параўнаньні з 2023, на 18,5% у параўнаньні з мінулым годам). Павышэньне базавай стаўкі непасрэдна ўплывае на ўзровень заробкаў работнікаў бюджэтнай сфэры», — сказаў рэктар у інтэрвію «СБ: Беларусь сегодня».

Мінулы раз плату за навучаньне ў ВНУ падымалі сёлета ў ліпені. У сярэднім рост склаў тады 7%. Тое падаражаньне тлумачылі ростам базавай стаўкі, да якой прывязаныя заробкі бюджэтнікаў, а таксама ростам камунальных платаў.

Базавая стаўка апошні раз мянялася ў жніўні, вырасла да 235 рублёў. Дагэтуль яе павышалі ў студзені. Значыць, базавая стаўка за 2023 год вырасла на 9,8%. А плата за вучобу ў ВНУ павысілася да 24% на некаторых спэцыяльнасьцях. Плата за камунальныя паслугі з пачатку году павышалася двойчы: з 1 студзеня і з 1 чэрвеня. Агулам з пачатку году спажывецкія цэны вырасьлі на 2,9%.

Заробкі выкладчыкаў ВНУ таксама растуць павольней, чым плата за навучаньне. Яны вырасьлі на 17,6% (сёлетні кастрычнік да леташняга). Гэта рэальныя заробкі з папраўкай на рост цэнаў (інфляцыю).

«Дзяржава спрабуе павялічыць паступленьні ў бюджэт»

Паводле старэйшай навуковай супрацоўніцы дасьледчага цэнтру BEROC Анастасіі Лузгіной, рост платы за навучаньне зьвязаны таксама з жаданьнем уладаў папоўніць бюджэт.

Анастасія Лузгіна

«Цягам 2023 году актыўна расьлі заробкі, у тым ліку ў адукацыі, але гэта толькі адна з прычын. Дзяржава максымальна спрабуе павялічыць паступленьні ў бюджэт і скараціць ягоныя выдаткі. Яны глядзяць на розныя галіны, зараз паглядзелі на адукацыю. Вырашылі нават не чакаць новага году, а павысіць плату за навучаньне зараз», — кажа Анастасія Лузгіна.

Яшчэ адна прычына росту платы за навучаньне — у беларускіх ВНУ стала менш платнікаў. Месцы скарацілі да сёлетняй уступнай кампаніі амаль на 6%.

«Частка патэнцыйных студэнтаў таксама імкнецца паступіць за мяжу. І выпускнікоў школаў становіцца менш, што зьніжае конкурс ва ўнівэрсытэтах», — дадае Анастасія Лузгіна.

Таксама ў беларускіх ВНУ робіцца менш студэнтаў-іншаземцаў. За год іх паменела амаль на 4 тысячы чалавек.