Гэтую заяву намесьніка міністра ўнутраных справаў Генадзя Казакевіча, зробленую ў эфіры тэлеканала АНТ, прыводзіць партал «Зеркало».

Казакевіч, камэнтуючы нядаўняе затрыманьне гендырэктара Бярозаўскага мясакамбіната, паабяцаў «дайсьці да кожнага», каб спыніць злачынныя схемы ў сфэры перапрацоўкі мяса і малака, і анансаваў новыя затрыманьні і крымінальныя справы.

Казакевіч расказаў, што ў 2023 годзе ў Беларусі выявілі 3100 злачынстваў у сфэры эканомікі.

— Мы робім упор на спыненьне карупцыйных схемаў, бо тое, што было ў Бярозе, гэта клясычны факт сыстэмнай бізнэс-карупцыі, — заявіў намесьнік міністра.

Ён растлумачыў, што ў такіх схемах з аднаго боку замяшаныя камэрсанты, якія робяць карупцыю «часткай свайго бізнэсу» і даюць хабары «для ажыцьцяўленьня сваёй маркетынгавай стратэгіі, прасоўваньня свайго тавару», а з другога — несумленныя кіраўнікі прадпрыемстваў, якія гэтыя хабары бяруць.

— У Бярозе — гэта дабаўкі для вытворчасьці мясных вырабаў, але дакладна гэтак жа да гэтага мы выявілі схему там, дзе пастаўлялі запасныя часткі і ветпрэпараты, — дадаў Казакевіч.

Ён нагадаў, што кіраўнік Бярозаўскага мясакамбіната зараз знаходзіцца ў СІЗА па падазрэньні ў карупцыі, як і камэрсант, які нібыта даваў яму хабар.

— І паверце, Бярозаўскі мясакамбінат — гэта толькі адзін эпізод, былі яшчэ іншыя камбінаты ў іншых абласьцях рэспублікі: ён таксама знаходзіцца ў СІЗА і дае паказаньні. І мы дойдзем да кожнага, каго закранула гэтая карупцыйная схема, — паабяцаў Казакевіч, не назваўшы прозьвішча чарговага затрыманага.

Справы аб карупцыі на мясных і малочных камбінатах

29 лістапада стала вядома аб затрыманьні ў справе аб карупцыі гендырэктара Бярозаўскага мясакансэрвавага камбіната Уладзімера Жуковіча і заснавальніка ТАА «Навукова-вытворчая кампанія «Міттрэйд-інвэст» Сяргея Орлікава.

Кіраўнік прадпрыемства нібыта мінімум з 2015 года браў у камэрсанта хабар за пастаўкі харчовых дабавак для вытворчасьці. Сьцьвярджаецца, што гаворка ідзе пра сумы ў «сотні тысяч».

Бярозаўскі мясакансэрвавы камбінат — самае вялікае ў краіне прадпрыемства па перапрацоўцы мяса. Яму падпарадкаваны некалькі прадпрыемстваў у Берасьцейскай вобласьці, у тым ліку Баранавіцкі мясакамбінат.

Яшчэ раней, у сярэдзіне лістапада, была распачатая «справа малочнікаў». У КДБ паведамілі, што па ёй былі затрыманыя 26 чалавек, 15 зь іх арыштаваныя.

Адзін з затрыманых — гендырэктар магілёўскага ААТ «Бабушкина крынка» Генадзь Скітаў, якога затрымалі, як сьцьвярджаецца, разам з саўдзельнікамі з доказамі злачынства пры атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры. Таксама былі затрыманыя і прадстаўнікі камэрцыйных структураў, якія нібыта маюць дачыненьне да схемы.

Сьцьвярджаецца, што ў схеме ўдзельнічалі кіраўнікі і іншых прадпрыемстваў, у тым ліку Полацкага, Лепельскага, Слуцкага і Рагачоўскага малочных камбінатаў.

Выданьне «Флагшток» 30 лістапада выявіла, што імя гендырэктара Рагачоўскага малочнакансэрвавага камбіната Віталя Строгага зьнікла са сьпісу кіраўнікоў прадпрыемства, а сам ён нібыта знаходзіцца на бальнічным. А 22 лістапада тэлеграм-канал «МотолькоПомоги» паведаміў аб затрыманьнях на Рагачоўскім камбінаце.

Таксама ў канцы лістапада стала вядома аб тым, што памочнік Лукашэнкі — інспэктар па Віцебскай вобласьці Ігар Брыло вызвалены ад пасады «у сувязі з учыненьнем правіны, несумяшчальнай са знаходжаньнем на дзяржаўнай службе».

Бясьпечная сувязь
з нашай рэдакцыяй

ТУТ