Пра гэта разважаюць дырэктар інстытуту «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч і старшая навуковая супрацоўніца дасьледчага цэнтру Beroc Анастасія Лузгіна.

Глядзіце размову на відэа цалкам

Тут фрагмэнты гутаркі

Андрэй Казакевіч:

  • Няма прыкметаў, што гэта нейкі надзвычайны візыт. Надзвычайнасьць патрабуе нейкай дынамікі ў двухбаковых стасунках ці нейкіх відавочных праблем. У беларуска-кітайскіх стасунках такога практычна няма.
  • Гэтая сустрэча – хутчэй PR-акцыя, важная для ўладаў Беларусі. Выглядае, што яны доўга дамагаліся такой сустрэчы, каб мець магчымасьць паказаць, што паміж краінамі захоўваюцца нейкія «спэцыяльныя стасункі».
  • Не відаць праз што Беларусь цяпер можа стаць важным палітычным партнэрам для Кітаю, што Беларусь можа прапанаваць. Хіба што свой голас у міжнародных арганізацыях. Але хаўрусьнікаў і патэнцыйных партнэраў у Кітаю значна больш, у тым ліку значна больш уплывовых. Гэта зусім іншая ліга.
  • Пасьля 2020-га году ўплывовасьць Беларусі нават у нашым рэгіёне невысокая і ёсьць праблемы ў стасунках з суседзямі. Рыторыка беларуска-кітайскіх адносінаў прыгожая, але Кітай ужывае такую рыторыкі ў і для шмат якіх іншых краінаў.
  • Калі ўзяць асноўныя 20-30 асноўных прыярытэтаў зьнешняй палітыкі Кітаю, дык ні ў якім з гэты прыярытэтаў Беларусь не выступае сапраўды важным элемэнтам. Для Расеі мы можам пазначыць, чаму Беларусь ёй важная. Нават для Эўразьвязу можам. Для Кітаю – не.

Анастасія Лузгіна:

  • На сёньня Кітай для Беларусі – другая краіна па велічыні гандлю пасьля Расеі. Але імпарт з Кітаю нашмат большы за экспарт туды. Больш за тое, імпарт з Кітаю расьце вышэйшымі тэмпамі.
  • За студзень-жнівень 2023 году экспарт у Кітай зь Беларусі быў на суму каля 2 мільярдаў даляраў. Гэта значная сума, але гэта несупастаўна з экспартам у Расею. І ўлады Беларусі хацелі б павялічыць пастаўкі на кітайскі рынак, неяк дывэсыфікаваць экспарт – у гэтым я бачу адну з галоўных задачаў цяперашняга візыту.
  • Лягістыка паставак празь Беларусь у краіны Эўразьвязу вельмі ўскладнілася, шэраг памежных пунктаў быў закрыты. Таму разглядаць Беларусь як нейкі лягістычны хаб для Кітаю цяпер праблематычна. Тая каштоўнасьць, якая была ў Беларусі для Кітіаю 3-4 гады таму, цяпер страчаная. Пры гэтым Кітай зацікаўлены ў Беларусі як у рынку, хай сабе і невялікім.
  • За апошнія некалькі гадоў беларускі экспарт пераарыентавалі з Эўразьвязу на ўсход – у асноўным у Расею. Кітай у найбліжэйшыя гады наўрад ці зможа стаць нейкім сур'ёзным балянсам. За 2022 год агульны таваразварот быў каля 80 мільярдаў даляраў, а з Кітаем – менш за 6 мільярдаў.
  • Кітай ня зможа замясьціць Беларусі рынкі краінаў Эўразьвязу і Ўкраіны. Найперш таму, што Кітай вельмі далёка. Гандлёвыя адносіны з Эўразьвязам і Ўкраінай выбудоўваліся гадамі, гэта нашыя краіны-суседзі.
  • Інвэстыцыйны праекты Кітаю ў Беларусі працягваюцца. Хоць Кітай і разглядае Беларусь як другаснага партнэра, але згортваць свае праекты ён ня будзе. Іншая рэч, што ўжо немагчымыя тыя тэмпы, як у час, калі на Беларусь глядзелі як на важны лягістычны цэнтар.