3,5% насельніцтва Беларусі мае сярэднедушавы даход, ніжэйшы за бюджэт пражытковага мінімуму, вынікае са зьвестак Нацыянальнага статыстычнага камітэту пра ўзровень жыцьця насельніцтва Беларусі ў III квартале 2023 годау (паводле выбарачнага абсьледаваньня хатніх гаспадарак).

Бюджэт пражытковага мінімуму цяпер складае 367,79 рубля.

Самы высокі ўзровень малазабясьпечанасьці зафіксаваны ў Магілёўскай вобласьці — 5,4%, за ёй — Гомельская вобласьць (5,1%), Берасьцейская і Віцебская (па 4,9%), Горадзенская і Менская (па 2,6%). Ніжэй за ўсё ўзровень малазабясьпечанасьці ў Менску — 1,1%.

Пры гэтым сярод гарадзкога насельніцтва ўзровень малазабясьпечанасьці трымаецца на ўзроўні 2,8%, а сярод вясковага — 6,2%.

Сярэднедушавы даход — агульны аб’ём даходаў, падзелены на колькасьць насельніцтва (пры разьліку ўлічваецца ўсё насельніцтва, у тым ліку беспрацоўныя, пэнсіянэры, непаўналетнія).