Белстат апублікаваў статыстыку за 10 месяцаў 2023 году.

Як піша бізнэс-агентцва Праймпрэс, у студзені — кастрычніку 2023 года падзеньне ў параўнаньні з такім жа пэрыядам летась склала 5,8%.

Асабліва зьнізіліся тэмпы жыльлёвага будаўніцтва ў Гомельскай вобласьці — мінус амаль 30%, у Горадзенскай вобласьці — мінус 13%.

Таксама значна скараціўся аб’ём жылой плошчы, якая пабудаваная з прыцягненьнем дзяржаўнай падтрымкі для грамадзян, якія стаяць на ўліку для паляпшэньня жыльлёвых умоў з выкарыстаньнем дзяржаўнай дапамогі. Для іх пабудавалі на 23% меней жылой плошчы, чым у мінулым годзе.

Пачынаючы з 2021 года аб’ёмы будаўніцтва жыльля ў Беларусі скарачаюцца. Калі ў 2021 годзе пабудавалі 4,4 млн. квадратных мэтраў жыльля, то ў 2022 годзе — 4,2 млн. А за 10 месяцаў 2023 года пабудавалі каля 3 млн. квадратных мэтраў жылой плошчы.

Усе мінулыя гады аб’ём пабудаванай жылой плошчы з дзяржаўнай падтрымкай заставаўся нязьменным і складаў каля 1,3 млн. квадратных мэтраў. У 2023 годзе за 10 месяцаў пабудавалі толькі 791,7 тысячы квадратных мэтраў.